На паліто, якое вісела ў вітальні, жыў гузік. Гузік быў яшчэ зусім не стары па гузікавых мерках. Яму было ўсяго 35 год, а самаму старому гузіку, які жыў недзе ў далёкім музеі ў краіне Швейцарыя, — 335 год. Але гузіку заўсёды здавалася, што з ім нешта не так, то бачок у яго баліць, то вушка. Іншыя гузікі на суседніх паліто так і празвалі яго — хворы гузік.

- Вой, паглядзіце, здаецца, што з правага боку ў мяне нейкая драпінка, — плакаўся гузік.

- Ды няма там нічога, ніякай драпінкі, — супакойваў яго гузік падобны да хваёвай шышкі.

- А-ёй, а-ёй, неяк мяне нямоцна трымае мая нітачка, пэўна, я хутка адарвуся і згублюся на вуліцы, — перажываў за сябе гузік.

- Ну што ты такое кажаш, у цябе такая цудоўная нітачка і яна цябе моцна трымае, — падбадзёрвала яго зашпілька-маланка, што жыла на куртцы.

- А ты ўвогуле не можаш мяне зразумець. У цябе нават нітачкі сваёй няма, — абураўся хворы гузік.

І заўсёды гузік знаходзіў, з чаго б яму засмуціцца. Калі іншыя жыхары вопраткі на вешаку радаваліся, абменьваліся апошнімі навінамі, хто што бачыў на вуліцы, хворы гузік з недаверам слухаў гэтыя размовы і зайздросціў сваім суседзям:

- Вядома, ім добра, яны вунь жывуць на зялёным паліто, не тое што я — на сінім. Калі б я жыў на зялёным палітоне, я б таксама быў шчаслівым і змог бы стаць самым знакамітым гузікам у свеце, — думаў пра сябе хворы гузік. Ён нават думаў, што яму не пашчасціла быць прышытым на мужчынскім баку і перажываў:

- Вось калі б я жыў на жаночым баку вопраткі, я б таксама радаваўся, як вунь тыя гузікі з фіялетавага кажушка. Быць прышытым справа вельмі нязручна, — разважаў хворы гузік. — Вось калі б я жыў на левым баку — тады ўсё было б прасцей.

Так прайшоў год. Усе ўжо звыкліся з вечнымі слязьмі і скаргамі хворага гузіка, і ніхто не звяртаў на яго ўвагі, таму што гузік заўсёды расказваў толькі пра сябе і свае перажыванні, іншых не слухаў, а толькі зайздросціў і казаў, што яго ніхто не разумее.

Была серада, калі гаспадар паліто, на якім жыў хворы гузік, апрануўся, зашпіліўся і выправіўся на шпацырку. Быў цёплы сонечны дзень, і мужчына расшпіліў гузік, бо рабілася горача.

— Ну вось колькі можна мяне мучыць! Туды-сюды, туды-сюды… То зашпіляць, то расшпіляць. Колькі можна! — хваляваўся незадаволены гузік. — Хутчэй бы ўжо адарвацца…

І толькі ён так сказаў, як нітачка не вытрымала і парвалася. Гузік на хвіліну адчуў нешта незразумелае, як усё закруцілася перад вачыма — і ён паляцеў. Але лётаць гузік не ўмеў і таму праз некалькі секундаў зваліўся на зямлю.

- Вой, што гэта? — страпянуўся голуб, які пачуў, як злева ад яго нешта пляснула. Ён азірнуўся па баках, але там нікога не было. Тады ён паглядзеў на неба — там таксама нічога не змянілася. Тады ён зірнуў сабе пад лапы і заўважыў нейкі дзіўны прадмет. Голуб выйшаў сёння на шпацыр без акуляраў і таму ўсё ніяк не мог разабраць, што там такое ляжала і войкала каля яго правай лапкі. Ён абцёр сваю дзюбу аб пёркі і дзюбнуў незнаёмы прадмет. Незнаёмы прадмет войкнуў. Тады голуб яшчэ раз дзеўбануў яго.

- Ая-яй, што ж гэта робіцца! Перастаньце мяне дзяўбці.

- Хто гэта? Хто ты? — не разумеў голуб.

- Я гузік. А вы хто? — спытаўся гузік.

- А я голуб. А што ты тут робіш? Я раней тут цябе ніколі не бачыў.

- Я не ведаю, — разгубіўся гузік. — А дзе я? Дзе мая нітачка? Дзе маё паліто?

Голуб зусім нічога не разумеў: якая нітачка, якое паліто? «Нейкі хворы гузік, — падумаў голуб, — штось з ім не ў парадку. Пайду-тка я лепш адсюль, а то яшчэ, крый божа, сам захварэю».

Голуб сышоў, а гузік застаўся ляжаць на дарозе. Ён нічога не разумеў:

— Няўжо я адарваўся? Няўжо гэта канец? А як жа, а як жа…?

— Ну чаго ты плачаш? — пачуў раптам чыйсьці голас гузік. Побач з ім ляжала абгортка ад цукеркі. — Прывыкай. Цяпер у цябе пачнецца новае жыццё, калі гэта можна назваць жыццём.

— Што ты такое кажаш? — не разумеў яе гузік. — Ты ўвогуле хто?

— Я — абгортка ад цукеркі. Раней я жыла як каралеўна, у цёплай краме, потым ляжала ў крыштальнай вазе разам з іншымі сваімі сяброўкамі. А вось цяпер жыву тут, на вуліцы. А ты як апынуўся тут?

— Я не ведаю…. Напэўна я адарваўся… — засмуціўся гузік.

І ён узгадаў сваё сіняе паліто і сваю нітачку і тое, як яму добра жылося разам з імі, а ён нават і не думаў пра гэта. Ён толькі жаліўся на тое, як яму кепска. А цяпер вось яму сапраўды кепска. Але тут на вуліцы яго ніхто не стане шкадаваць і слухаць. Тут ён нікому не патрэбны.

Гузік шмат чаго зразумеў, але позна. А ты?

 

* * *

Іншыя казкі Вольгі Гапеевай можна пачытаць у яе яскрава ілюстраванай кніжцы «Сумны суп». Гэтую кнігу з задавальненнем чытаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Кнігу можна набыць тут.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0