16-гадовага азербайджанца Алі Вяліева не стала на мінулым тыдні. Ён сышоў у іншы свет з-за вострага лімфабластнага лейкозу.

Днямі беларускія валанцёры, якія займаліся пошукам грошай для Алі Вяліева, даведаліся сумную навіну. Хлопца не стала.

Нагадаем, што ў 2011 годзе ў Алі дыягнаставалі востры лімфабластны лейкоз (тады хлопцу было 13 гадоў). У Азербайджане яму не далі шанцаў. Сям’я распрадала ўсю маёмасць на 70 тысяч долараў і пераехала ў Беларусь. А ў нашай дзіцячай анкалагічнай клініцы ў Бараўлянах гэтая сума хутка скончылася. Утварылася запазычанасць у 25 тысяч долараў. На бяду адгукнуліся беларускія валанцёры і пачалі збіраць для Алі дабрачынныя ахвяраванні. Людзі ахвотна пагаджаліся дапамагчы замежнаму пацыенту рублём. 

Хвароба адступіла. Вяліевы вярнуліся ў сваю краіну і, не маючы фінансаў, пачалі жыць у вёсцы.

Але ў 2014 годзе ў Алі здарыўся рэцыдыў хваробы. На жаль, у Азербайджане праблему заўважылі несвоечасова. Хлопца зноўку ўзяліся лячыць у Беларусі. Праўда, рахункі выстаўляліся шалёныя. Вяліевым у дакументах пазначылі прагназаваныя сумы — ад 80 тысяч долараў. На словах сям’ю папярэдзілі, што калі ўсё складзецца спрыяльна, трэба рыхтаваць каля 150 тысяч долараў.

Беларускія валанцёры зноў далучыліся да збору сродкаў. Даволі хутка ўдалося сабраць каля 20 тысяч долараў. Збор сродкаў працягваўся. У выніку дапамагчы беларуская медыцына не змагла. Валанцёры пачалі шукаць для азербайджанскай сям’і спонсарскія варыянты ў Ізраілі, Германіі ды іншых краінах Заходняй Еўропы. У выніку швейцарская клініка дала згоду лячыць Алі бясплатна.

«Яшчэ не так даўно мы гутарылі з Вяліевымі, яны збіралі дакументы для вылету ў Швейцарыю. Але, на жаль, не паспелі», — сказаў адзін з беларускіх валанцёраў.

Агулам беларусы назбіралі на лячэнне Алі больш за 50 тысяч долараў. У той жа час азербайджанскія медыя і бізнэсмэны зазвычай не рэагавалі на просьбы беларускіх валанцёраў падтрымаць свайго земляка фінансава ці хаця б інфармацыйна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?