«У нашых папярэдніх бюлетэнях мы сфармулявалі паняцце беларускага зазору. Яно фіксуе розніцу беларускай і расійскай грамадскай думкі па шэрагу пытанняў. У першую чаргу, па Украіне», — расказвае «Нашай Ніве» кіраўнік аналітычнага цэнтра, доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі.

У якасці прыкладу Вардамацкі прывёў стаўленне да «расейскага Крыму». Па яго словах, з аднаго боку, у беларускай грамадскай думцы расійскі канцэпт дамінуе, але з іншага — існуе вялікая колькасная розніца паміж расійскім і беларускім успрыманнем гэтых падзей.

У Беларусі ў верасні 2014 далучэнне Крыма лічылі законным і справядлівым 68 працэнтаў беларусаў, тады як у Расеі гэта быў 91 працэнт. Розніца заключаецца ў тым, што ў Беларусі гэта проста большасць, а ў Расіі — абсалютная.

Што ж адбылося за восень? «Колькасць тых у Беларусі, хто апраўдвае далучэнне Крыма па выніках лістападаўскага апытання Беларускай Аналітычнай Майстэрні склала ўжо ўсяго 59,9 адсоткаў у параўнанні з 67,8 працэнтамі ў верасні, гэта значыць на 7,9 працэнтаў менш. А гэта ўжо статыстычна значная велічыня, якая выходзіць за рамкі хібнасці», — кажа Вардамацкі.

Падае і давер да Расіі, як да братняй дзяржавы. Вырасла колькасць тых, хто лічыць, што Расія можа распачаць у адносінах да Беларусі дзеянні, аналагічныя дзеянням адносна Украіны.

Прафесар таксама заўважае падзенне прарасійскіх арыентацый і пад’ём праеўрапейскіх. Прычынамі гэтага ён называе беларуска-расійскія гандлёвыя войны, інфармацыю з Украіны і ўжо відавочную міжнародную ізаляцыю Расіі.

«Гэты працэс насіў у папярэднія месяцы назапашвальны характар. Дынаміку як прарвала менавіта да лістапада. Аднак — і мы заўсёды гэта падкрэсліваем — пабачым далейшае развіццё. Пра што ідзе гаворка — пра звычайныя флуктуацыі ці генеральным кірунак — пакажуць толькі трэнды наступных рэгулярных вымярэнняў», — падкрэслівае Вардамацкі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру