Мы прайшліся па абменных пунктах ад плошчы Перамогі да Якуба Коласа, каб высветліць ці можна сёння набыць сотку-другую даляраў ці еўра. Адказваем — можна! Але мала дзе.

У большасці банкаў адказваюць коратка: нічога няма. Ні «Хоўм крэдыт банк», ні «Беларускі народны» на плошчы Перамогі, ні «Белгазпромбанк» каля Чырвоназоркавай нічым нам не дапамглі. У абменніку «Франсабанка» каля «Акіяна» — таксама пуста. На пытанне, калі з’явіцца, касірка даволі агрэсіўна сказала: «Як людзі здадуць, дык адразу і з’явяцца».

Тое ж самае і ў касах «МТБанка». «Для продажу не прывозяць», — кажуць супрацоўнікі.

Няма нічога і ў «Беларусбанку» каля Казлова. Праўда, там адмінстратарка паведаміла, што хутка нешта павінна прывезці, аднак колькі і калі — яна ведае. Дакладна толькі, сказала жанчына, што калі і прывязуць, то не сёння.

Але валюту здабыць усё ж магчыма. Для гэтага ёсць два шляхі. Першы — стаяць ля касаў і чакаць, калі нехта будзе здаваць. Тут ужо як вам пашанцуе. Напрыклад, у «ВТБ» банку не было ні долараў, ні еўра, аднак адразу некалькі чалавек у чарзе адгукнуліся: «Мы здаём!». Адзін здаваў 50, другі — крыху больш.

Варыянт нумар два — прайсціся па ўсім абменніках запар. Так, напрыклад, у некаторых банках знаходзілася па 50-100 еўра ў кожнай касе. Напрыклад, у «БПС-Сбербанку» мы знайшлі 50 еўра і 50 долараў у адной касе, 10 долараў у другой і адказ «нічога няма» ў трэцяй.

А вось у двух непрыкметных абменніках каля ЦУМа валюты было трошачкі больш. Тэхнабанк прапанаваў набыць 1000 еўра (праўда, долараў там амаль не знайшлося, толькі дзясятка). У размешчаным побач акенцы банку «БелВЭБ» касір паведаміў, што з валютай праблем няма. На пытанне, ці змагу я набыць 1000 еўра і 1000 долараў, адказаў: «Канечне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?