Беларусь перакрыла транзіт у Расію электронікі з Калінінградскай вобласці. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцы GS Group і завода электронікі «Телебалт».
Абедзве кампаніі вырабляюць прадукцыю ў Калінінградскай вобласці і дастаўляюць яе ў іншыя расійскія гарады аўтамабільным транспартам транзітам праз Беларусь.
«Кіраўніцтва кампаніі не атрымлівала ніякіх апавяшчэнняў ад прадстаўнікоў мытнай службы Беларусі, машыны проста перасталі пускаць праз мяжу, ніякіх прычын адмовы ў пропуску не называлася», — растлумачыў дырэктар па маркетынгу расійскага холдынгу GS Group Андрэй Бязрукаў.
Бязрукаў падкрэсліў, што дзеянні мытных органаў Беларусі не могуць быць звязаныя з выплатай мытных збораў, бо яны плацяцца ва ўстаноўленым парадку.





