20 снежня адбыўся Сойм Партыі БНФ, на якім было разгледжана пытанне пра паглыбленне эканамічнага крызысу ў Беларусі, што суправаджаецца падзеннем курсу нацыянальнай валюты. Сойм даў палітычную ацэнку наяўнай эканамічнай сітуацыі, паведамляе прэс-служба партыі.

У адмысловай заяве Сойм Партыі БНФ усклаў адказнасць за дэстабілізацыю нацыянальнай валюты на дзеючае кіраўніцтва краіны, чый палітычны курс паглыбляе залежнасьць Беларусі ад Расеі.

У прыватнасці, у заяве адзначаецца: 

— неабходнай перадумовай доўгатэрміновай стабілізацыі беларускай эканомікі павінны быць выхад з Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, якія прадэманстравалі сваю небяспечнасць для нашай краіны.

— урад Беларусі, які дапусціў абясцэньванне нацыянальнай валюты і не мае здольнасці да пераадолення ягоных наступстваў, павінны сысці ў адстаўку.

— для пераадолення наступстваў валютнага крызісу і правядзення неадкладных структурных рэформаў павінны быць прызначаны Урад з удзелам эканамістаў, якія стаяць на пазіцыях глыбокага рэфармавання нацыянальнай эканомікі на карысць вольнага рынку і будуць кіравацца ў сваёй дзейнасці нацыянальнымі інтарэсамі, а не інтарэсамі выжывання сённяшняй недзеяздольнай сацыяльна-эканамічнай мадэлі аўтарытарызму.

— неабходна уключэнне ў працэс абмеркавання і ажыццяўлення праграмы рынкавых рэформаў экспертаў палітычных партый, прадстаўнікоў замежных фінансавых інстытуцыяў.

— Аляксандр Лукашэнка, які не выкарыстаў даступныя яму час і сродкі дзеля зьмяньшэньня залежнасці беларускай эканомікі ад Расеі, што прывяло да эканамічнай слабасці і неабароненасці, не мае права балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах.

— У мэтах зняцця перашкодаў для атрымання фінансавай дапамогі міжнародных інстытуцый на правядзенне рэформаў і прыцягнення замежных інвестыцый дзеля забеспячэння эканамічнага росту трэба неадкладна вызваліць усіх вязняў сумлення, унесці змены ў выбарчае заканадаўства ды змяніць практыку яго прымянення з мэтай правядзення свабодных дэмакратычных выбараў.

Сойм Партыі БНФ усцешаны тым, што Аляксандр Лукашэнка нарэшце пагадзіўся з нашай ацэнкай палітыкі Расіі ў дачыненні да Беларусі, назваўшы гэтую палітыку «глупой и безмозглой», і чакае ад яго канкрэтных крокаў па выхадзе з Еўразійскага саюза, адзначаецца ў заяве прэс-службы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру