«Дзень віншаванкі, які быў запланаваны на 18 гадзінаў 22 снежня у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, пераносіцца на іншы дзень. 

Змены адбыліся па незалежных ад нас абставінах. Калі будзе прызначаны дакладны час правядзення мерапрыемства, мы дадаткова паведамім праз сродкі масавай інфармацыі і сацыяльныя сеткі», — паведамляюць арганізатары, культурніцкая пляцоўка «Беларуская Прастора» (www.Prastora.by).

Як паведаміў з месца карэспандэнт НН, супрацоўнікі бібліятэкі спачатку тлумачылі людзям, што «арганізатары памянялі месца». Пасля з'явіліся самі арганізатары і абверглі гэта. Каментароў ад кіраўніцтва бібліятэкі няма бо дырэктарка, паводле словаў супрацоўнікаў, «на бальнічным».

Арганізатарам у бібліятэцы за некалькі гадзін да імпрэзы сказалі, што зала не гатовая і моцна выбачаліся, што не могуць дазволіць там імпрэзу.

Цяпер каля бібліятэкі каля двух дзясяткаў чалавек, арганізатары раздаюць ім паштоўкі-віншаванкі. Людзі падыходзяць. Таксама наведвальнікам прапануецца павіншаваць беларусаў з надыходзячымі святамі.

Дзень віншаванкі мусіў прайсці пад дэвізам: «Віншуем па-беларуску!»

Беларусаў вочна і завочна меліся віншаваць: Лявон Вольскі, Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч, Генадзь Аўсяннікаў, Андрэй Хадановіч, Зміцер Бартосік, Серж Мінскевіч, Валярына Кустава, Леанід Дранько-Майсюк, Алена Масла, Юры Жыгамонт, Ларыса Мятлеўская, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Алесь Пашкевіч, гурт GUDA і Школа традыцыйнага мастацтва ды іншыя.

Былі запланаваныя калядны кірмаш з падарункамі, частаванне смачнай «Каляднай гарбатай» і магчымасць павіншаваць сяброў, блізкіх і далёкіх сваякоў відэа-віншаванкай.

Пакуль не будзе вырашана пытанне з месцам імпрэзы, Дзень віншаванкі пераходзіць у анлайн

і набывае фармат відэавіншаванняў. Усе выступоўцы, якія планавалі выступіць 22 снежня зробяць гэта пры дапамозе сучасных тэхнічных сродкаў. Такім чынам, «Беларуская Прастора» запускаем бестэрміновую акцыю «Віншуем па-беларуску!» – і запрашае кожнага ўзяць у ёй удзел, зрабіўшы сваю відэавіншаванку».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру