З «Нашай Нівай» аўтар выставы Аляксандра Баярына падзялілася некаторымі здымкамі з выставы, сярод якіх чатыры на думку аўтара знакавых для выставы здымкамі са скульптурай, якая ўвенчвае франтон мастацкага музея.

Як распавяла «Нашай Ніве» Аляксандра, серыя атрымалася ў выніку года жыцця сама сабой. «Такое месца, што амаль кожную гадзіну нешта адбываецца», – тлумачыць яна.

У тэчцы «Фота 2014» на яе камп'ютары зараз 248 тэчак са здымкамі, класіфікаванымі па тэмах. «Я фатографка-аматарка, амаль не выпускаю камеру з рук. Я быццам збіраю вялікую калекцыю фрагментаў жыцця. Думаю, гэта ў мяне такі першабытны занятак – збіральніцтва. Рыбную лоўлю таксама люблю», – распавядае аўтар выставы. 

У экспазіцыю ўвайшло толькі 58 здымкаў. Такую вялікую колькасць крытыкуюць фатографы, распавядае Аляксандра. На папярэдняй, сваёй першай выставе пра Мінск, яна выстаўляла 94 фота. «Але ж тэндэнцыі радуюць, было 94, стала 58, наступным годам выстаўлю 30, а потым можа і да выставы адной фатаграфіі дарасту», – смяецца Аляксандра.

Ці выпадковае месца здымкі, той пакой і тыя вокны? «Мы пераехалі сюды мінулай восенню. Месца новае, цікавае, таму я здымала амаль кожны дзень, – прыгадвае яна. Жыць у цэнтры хацелася заўсёды. У цэнтры я адчуваю сябе на сваім месцы. Усё важнае побач: музеі, галерэі, тэатры, архітэктура, кавярні, кнігарні, шпацыры з сябрамі».

«У адно вакно бачу Нацыянальны мастацкі музей, у другое – вуліцу Францысканскую (сёння Леніна), – кажа фатограф. Для мяне тут поўная карціна свету. Поўная з умовамі, што мы пераедзем у іншае месца гадоў праз 5-7, каб атрымаць і іншую карціну свету».

«Гэта такое шчасце, назіраць, як Месца перажывае 4 пары году, –дзеліцца аўтар выставы. Мабыць, гэта тычыцца любога месца, але толькі ад назірання за тым, да чаго не паспеў прывыкнуць, атрымліваеш столькі асалоды».

***

Адрас выставы: Мінск, кінатэатр «Перамога», вул. Інтэрнацыянальная, 20.

Часы працы: панядзелак – нядзеля, 12:00 – 22:00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?