Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу. Ненавіджу раніцы, ненавіджу панядзелкі, ненавіджу ранішнія панядзелкі і панядзелкавыя раніцы. І як жа халодна ў пакоі, што немагчыма прымусіць сябе вылезці з-пад коўдры. Трэба неяк прасунуць законапраект, па якім узімку дазвалялася б працаваць з дому, дый тое паўдня. Хоць батарэі грэюць напаўсілы, таму і дома ніякага задавальнення не атрымліваеш. Толькі сон мне дапамагае хоць неяк перажыць гэтыя тры пякельна халодныя і мярзотныя месяцы. Ладна, трэба ўставаць і ісці на працу — грошы ж патрэбныя. Гэтыя дурацкія грошы!

На сняданак зноўку нічога няма. Я заходзіла ў краму ўвечары, але там быў такі натоўп людзей з іх бэссэнсоўнай мітуснёй і жаданнем схапіць усё, што ляжыць на паліцах, што я вырашыла: лепей застануся галоднай, чым застануся з імі ў краме. Ці мала што, можа, іх гарачка на мяне перакінецца! Вып’ю гарбаты, мне горш не стане.

Можа, і мне таксама з імі пабегаць па крамах: накупіць некалькі пачакаў маянэзу, насыпаць у яго штось для колеру і выдаць гэта потым за салату? Цьфу! Трэба залегчы на дно: дом-праца-дом (добра, што усяго тры працоўныя дні засталося). Прадукты замоўлю па інтэрнэце. Хаця ў мяне ёсць тры пачакі макаронаў. Якраз хопіць.

Ох ты ж! Спазняюся ўжо, мне ж яшчэ праз увесь горад шкандыляць на працу. Так, гарбата, чакай мяне ўвечары. Фарбавацца ўжо часу няма; што б тут такое адзець: джынсы/швэдар і пабегла. Каго я там на працы любіла?!

Тралейбусы, вы здзекуецеся?! Ладна яшчэ, калі ад мяне адзін сыходзіў, але ж зараз адразу пяць перад маім носам сышло. Нам неяк выкладчык ва ўніверсітэце казаў, што транспарт ходзіць па законе размеркавання Пуасона. Хуасона! Канечне, кіроўцы на дыспетчарскіх пунктах менавіта пра гэта і дамаўляюцца, каб па Пуасону хадзіць. Я іх ведаю, яны дамаўляюцца хадзіць па законе чалавечае подласці.

Нічога, я дачакаюся! Усе ў мяне дачакаюцца! О, шосты тралейбус сабраўся збягаць. Не, на яго я паспею, пабягу, але паспею. Ох, як слізка на вуліцы. Не, падслізвацца ў мае планы не ўваходзіла!

* * *

Уваходзіла, мяне проста не папярэдзілі.

Трэба ўстаць. Як быццам бы жывая. Калі б яшчэ гэтыя дзеці не рагаталі побач. Хоць ладна, няхай смяюцца. Мабыць, ім шчыра смешна, калі людзі падаюць. Якія ж гэтыя дзеці шчаслівыя! Як я сёння! Я так дзіўна і лёгка даўно сябе не адчувала. Мабыць, гэта сімптом страсення мазгоў? Ды не, там іншыя сімптомы: галаўны боль, ваніты. Дык можна сказаць, што ў мяне з раніцы было страсенне. Не, усё жыццё было страсенне, а цяпер я як быццам бы ачуняла.

Вось і тралейбус пад’ехаў на прыпынак, нават адразу шэсць. У які ж сесці? А вось сяду ў гэты, размаляваны елачкамі і снежнымі бабамі. Толькі нешта ён не туды ідзе. І ніхто не абураецца на гэты конт. Хоць тут усяго два пасажыры: я і дзядок нейкі (адчуванне, што ён збёг з нейкага ранняга карпаратыву, у якім граў ролю Дзеда-барадзеда).

— Вы, дзяўчына, неяк занадта хвалюецеся, кожную секунду ў вокны глядзіце.

— Я проста не ўпэўнена, што тралейбус правільна едзе. Яму зноўку маршрут памянялі, так?

— Не, усё правільна. Мы едзем на свята. На Каляды мы едзем.

— Неяк вы дзіўна жартуеце.

— Я не жартую. Кожны год адзін тралейбус, размаляваны елачкамі і снежнымі бабамі, едзе на Каляды. Мы збіраем толькі тых, хто не верыць у гэта свята і не любіць яго, і робім усё магчымае, каб яны задаволіліся, каб зразумелі ўсю глыбіню, дабрыню і светлыню гэтага свята!

— І, выходзіць, я ў горадзе адна такая?

— Не, не адна. У цябе проста самы цяжкі выпадак, таму мы цябе так загадзя падабралі — за тры дні!

— І што мы будзем рабіць усе гэтыя дні?

— О, у нас тут цэлая праграма арганізаваная! Усё падлічана да дробязяў, пасля такога ты дакладна ўсёй душой зразумееш гэтае свята: па-першае, мы паедзем у самы папулярны супермаркет і будзем там пхацца каля зніжкавых палічак; па-другое, мы будзем паўдня рэзаць прадукты і заліваць іх маянэзам, а потым будзем трэніравацца імі аб’ядацца. Праўда, цудоўна? Віця, уключай музыку, — крыкнуў ён кіроўцу. — А то мы тут зусім занудзімся. Уключай маю любімую калядную!

Тралейбус шпарка кіраваўся да найбліжэйшага супермаркета, а з кабіны кіроўцы і з вуснаў дзяўчыны вырывалася песня…

За мхом, за мхом і балотцам
Ох, каляда ты мая, каляда!
Зялёная жабка кросны ткала,
Прыйшоў да яе рачок:

— Бог помач табе, зялёная жабка.
— Дзякую табе, чорны рачок.
— А ў цябе, жабка, нітачкі рвуцца?
— А ў цябе, рачок, вусікі дзьмуцца?

— А ў цябе, жабка, лапкі кароткі.
— А ў цябе, рачок, вочкі не бачаць.
— А цябе, жабка, калясом сатруць.
— А цябе, рачок, паны з'ядуць.
На талерачках,
на відэльцах разнясуць

***

Вольга Чарнова нар. у 1991 у Мінску. Скончыла БДУ па спецыяльнасці «бізнэс-адміністраванне», працуе ў сферы маркетынгу. Слухачка Школы маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру