Раніцай 22 снежня ў інтэрнаце нежывым знайшлі студэнта Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Смерць наступіла ад пабояў.

«Грунтуючыся на дэталёвай ацэнцы сабраных у выніку правядзення першапачатковых следчых дзеянняў доказаў, следствам прынята рашэнне пра затрыманне 21-гадовага студэнта той жа ВНУ. Устаноўлена, што падазраваны, які пражываў у адным пакоі студэнцкага інтэрната з забітым, у ходзе сваркі, што ўзнікла пасля сумеснага распівання спіртных напояў, нанёс яму множныя ўдары рукамі і нагамі, ад якіх апошні памёр на месцы», — паведамілі ў Следчым камітэце.

24-гадовы Юрый, якога знайшлі забітым, навучаўся на 3 курсе. Паходзіў з Пінска, дзе скончыў перад гэтым аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці заатэхнія.

Хлопец быў адзіным дзіцём у сям’і, расказала яго знаёмая. Бацькі развяліся і не жылі разам, і цяпер маці засталася зусім адна. Дзяўчына называе яго жыццярадасным чалавекам, якога можна назваць «душой кампаній». «Ён заўжды прыходзіў на дапамогу ў розных сітуацыях».

У ноч здарэння хлопцы заходзілі ў інтэрнэт. Юрый быў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках у 0.38, яго меркаваны забойца — у 2.21. «Яны надта ніколі блізка не сябравалі, проста кантактавалі як суседзі па пакоі», — адзначыла яго знаёмая.

— Праверка яшчэ працягваецца, вынікаў канкрэтных няма. І даваць каментары нейкія я не ўпаўнаважаны, — заявіў начальнік аддзела выхаваўчай працы Акадэміі ветэрынарнай медыцыны Ігар Муртазаеў.

У дачыненні да падазраванага Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа за забойства. Ён знаходзіцца пад вартай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру