Суд Ленінскага раёна Брэста аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (6 млн. рублёў) брэсцкага журналіста Алеся Леўчука, які абвінавачваецца ў незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі СМІ (па частцы 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Ляўчук мяркуе, што рашэнне суда было прынятае загадзя. Пра гэта ён заявіў у каментарыі БелаПАН. «Суддзя ніякія мае высновы не разглядала, выразна вяла сваю лінію. Я азнаёміўся з матэрыяламі справы, там было ясна напісана: КДБ устаноўлена, што я працую на тэлеканал «Белсат», хаця гэта не было ніяк даказана», — сказаў ён.

Паводле слоў журналіста, на судзе быў разгледжаны адказ з Міністэрства замежных спраў, у якім гаворыцца, што ў Леўчука няма акрэдытацыі ў якасці замежнага журналіста. Сам журналіст паказаў у судзе пісьмовае пацвярджэнне, што ён з'яўляецца пазаштатным карэспандэнтам БелаПАН, а таксама рэдакцыйнае пасведчанне, аднак «гэта нават не разглядалася».

«Калі я ўбачыў, што гэта цырк і ніхто не збіраецца разглядаць справу, я адмовіўся даваць паказанні і адказваць на пытанні», — сказаў журналіст.

Ён мае намер абскардзіць рашэнне ў абласным судзе.

Нагадаем, гэта ўжо 14-е рашэнне, прынятае сёлета ў дачыненні да журналістаў па ч. 2 арт. 22.9 КоАП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?