Прыкладна 50.000 афіцэраў, спецыялістаў і салдатаў будуць прызваныя на службу ва ўкраінскае войска напачатку 2015 года, паведаміў міністр абароны Сцяпан Палтарак.

«Прынята рашэнне датычна неабходнасці правядзення ў студзені мабілізацыі. Для чаго яна патрэбная — для таго, каб мы стварылі рэзервы для ўзмацнення нашых магчымасцяў па абароне нашай дзяржавы, па другое, нам трэба мяняць асабовы склад», — сказаў генерал-палкоўнік Палтарак падчас прэс-канфэрэнцыі, запіс якой Мінабароны змясціла ў Інтэрнэце.

Усе, хто будзе пакліканы з рэзэрву, ад афіцэра да шэрагоўца, пройдуць хуткую 25-дзённую перападрыхтоўку адпаведна спеецыяльнасці. Потым пачнуцца трэніроўкі ў складзе баявых адзінак. Толькі пасля гэтага цалкам узброеныя і перападрыхтаваныя часткі будуць накіраваныя ў зону Антытэрарыстычнай аперацыі.

Таксама пачнецца вясновы прызыў жаўнераў тэрміновай службы. Такім чынам плануецца, што да канца сакавіка ўкраінскае войска атрымае некалькі дзясяткаў тысяч новых абмундзіраваных, узброеных і падрыхтаваных байцоў.

Тыя, хто з вясны 2014 года ваяваў супраць прарасійскіх баевікоў, будуць у гэты ж час дэмабілізоўвацца.

Таксама міністр абароны сказаў, што на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны знаходзяцца зараз 6.000-8.000 жаўнераў рэгулярнай расійскай арміі. Агульная колькасць баевікоў — больш за 33 тыс. чалавек, сярод баевікоў мясцовыя ўраджэнцы складаюць не больш за 15-20 адсоткаў.

Будучыя дзеянні Расійскай Фэдэрацыі цяжка прадказаць, сказаў Сцяпан Палтарак, таму трэба якасна правесці падрыхтоўку рэзэрваў і быць гатовымі да «нечаканасцяў» з боку тэрарыстычных груповак.

Мінулы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч абяцаў адмяніць прызыў у армію, аднак Украіна была вымушаная аднавіць прызыўную сістэму ў сувязі з агрэсіяй з боку РФ у Крыме і тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру