Fugit irreparabile tempus, казаў той рымлянін, — уцякае незваротны час. Слова час і аднакарэнныя з ім часта выкарыстоўваюцца ў мове СМІ, але ў гутарцы з native-speaker’амі вы рэдка пачуеце яго. Ужо часцей людзі кажуць па-царкоўнаславянcку «урэмя». Слова час, відаць, — кніжнае, а яго «жывейшы» адпаведнік, вельмі блізкі значэннем, — пара.

У пару росквіту, Залатога веку, найбольш ужывальнай беларускай манэтай быў літоўскі грош. (Павел Севярынец, «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі)

Пачнём з таго, што адно са значэнняў слова пара ў нашай мове — дзень і ноч разам, суткі:

Чацвёртую пору мы не спалі. (Кузьма Чорны, «Сям’я Юрыя Гарэйкі»)

Цэлую пору, амаль, прастаялі на прыстані, — казаў грубы голас. (Цішка Гартны, «Шукаючы працы»)

Апісваючы час, калі нешта адбывалася, мы таксама скажам «у тую пору», «тою парою». А ёсць яшчэ прыгожая канструкцыя з прыназоўнікам «аб»:

Наказ прынёс я да васпана!
Наказ такі: каб заўтра зрана
Твой брат Антось шоў да адбору
А сам Міхал аб гэту пору
Настройваў лыжы да сялібы —
Падбаць панам наконта рыбы. (Якуб Колас, «Новая зямля»)

Гэты прыназоўнік, дарэчы, наогул пасуе на акрэсленне часу. Можна сказаць, таксама, і «аб тую гадзіну», «аб восень» і г. д.

Іншы прыклад — пра ўласцівы, адпаведны час на нешта. Амаль як у таго Эклезіяста з Бібліі:

Усё мае сваю пору — усходзіць, расці і паміраць. (Вячаслаў Адамчык, «Чужая бацькаўшчына»)

Найбольш адпаведны момант часу («самое время», «najwyższy czas») называюць «самая пара»:

Самая пара зараз — рассесціся, узяць у рукі скібу хлеба ды гурок! (Іван Мележ, «Людзі на балоце»)

Была самая пара сну. (Максім Гарэцкі, «Дзве душы»)

Самая пара была адумацца… (Васіль Быкаў, «Ваўчыная яма»)

Поры, адпаведныя моманты ў плыні часу, можна таксама і якбы палічыць. Прафесар Фёдар Янкоўскі дае такую ілюстрацыю:

Ужо каторая пара на дварэ, а дзіцяці са школы няма. (Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы)

А калі нешта адбылося нечакана, у неадпаведным часе («несвоевременно», «w niewłaściwym czsie») то кажуць, «не парой», «без пары».

Не парой ты, зара, занімаешся (З народнае песні)

Лявонка мой — як табе ўжо Данілка казаў — не перажыў, вечны спакой, гэткае несправядлівасці і рукі без пары сам на сябе налажыў. (Янка Купала, «Раскіданае гняздо»)

Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. (Уладзімір Караткевіч, «Лісце каштанаў»)

Калі нешта адбываецца «без пары», «не парой», то штосьці можа быць і «ў пору», «у самую пору» — у адпаведны час, «своевременно».

Яна выбралася на той свет у пару: гаспадарка выадпаведнілася, а і сама не была ўжо надта патрэбнай. (Сакрат Яновіч, «Пахаванне Гандзі»)

А ёсць прыказка: «Да пары збан ваду носіць». Будзе, значыцца, пара — і гэта скончыцца, на ўсё прыйдзе канец. Гэтая прыказка ўжываецца і як перасцярога таму, хто ўжо каторы раз робіць нейкае ліха. «Да пары» можна сказаць і пра ўсё часовае, усякую часовую з’яву:

Яна стала горача даказваць, што гэта да пары. (Вольга Іпатава, «Залатая жрыца ашвінаў»)

Мы бачым, што слова пара мае значэнне больш дакладнае за слова час: нейкі перыяд, эпоха, нейкі пэўны момант, час у яго канкрэтнай праяве. O tempora! O mores! — крычаў у судзе рымскі палітык Цыцэрон. Гэта была эпоха ягонага жыцця і па-нашаму ён, відаць, сказаў бы гэта: «Што за пара! Што за звычаі!» Так, можна сказаць «у пару Цыцэрона», «у пару Купалы», «Нашаніўская пара».

Таму, калі мы хочам філасофстваваць, можна казаць і па-кніжнаму час. Але што ж да канкрэтных праяў часу ў нашым жыцці — ёсць шмат і іншых, жывых і трапных зваротаў. І не мае наша мова патрэбы адаптоўваць калькі накшталт «своечасова». Пара пра гэта падумаць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру