Нацыянальны банк Беларусі растлумачыў банкам, што ажыццёўленыя да 20 снежня аперацыі па куплі валюты па картках не абкладаюцца 30-працэнтным зборам. Адпаведны ліст галоўны банк краіны накіраваў банкам 24 снежня. 

З-за таго што разлікі паміж банкамі ажыццяўляюцца на працягу аднаго-двух дзён, у многіх беларусаў з карт спісалі камісію за аперацыі, ажыццёўленыя яшчэ да ўваходжання ў сілу рашэння аб 30-працэнтным зборы.

«З улікам зваротаў грамадзян у Нацыянальны банк па гэтым пытанні тлумачым, што аперацыі куплі замежнай валюты, ажыццёўленыя фізічнымі асобамі пры выкарыстанні картак да 20 снежня 2014 года, павінны адлюстроўвацца па рахунках, да якіх карткі выпушчаныя ў абарачэнне, без збірання названага камісійнага збору», — паведамілі ў Нацыянальным банку.

Аднак у выпадку калі пры выкарыстанні карткі або яе рэквізітаў выконвалася пераафармленне сродкаў, што знаходзяцца на бягучых банкаўскіх рахунках і тэрміновых банкаўскіх укладах (дэпазітах) у беларускіх рублях, у замежную валюту, то камісійны збор павінен прымяняцца да такіх аперацый, ажыццёўленых фізасобамі — трымальнікамі картак, з 19 снежня.

Згодна з п. 8 пастановы праўлення Нацбанка ад 19 снежня 2014 года № 786 «Аб некаторых пытаннях функцыянавання банкаў», банкам рэкамендавана забяспечыць увядзенне камісійнага збору пры куплі фізасобамі замежнай валюты ў памеры 30% ад сумы грашовых сродкаў у беларускіх рублях, якія падлягаюць выплаце банку, з 20 снежня — па ўсіх аперацыях куплі фізічнымі асобамі замежнай валюты. 

«Такім чынам, з 20 снежня камісійны збор павінен выплачвацца пры правядзенні фізічнымі асобамі ўсіх аперацый куплі замежнай валюты, у тым ліку тых, што ажыццяўляюцца пры выкарыстанні банкаўскіх плацежных картак», — адзначылі ў Нацбанку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру