Суд Ленінскага раёна Магілёва прысудзіў да 14 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці былога першага намесніка старшыні Шклоўскага райвыканкама Дзмітрыя Мінянкова, паведамляе тэлеканал АНТ.

Па матэрыялах следства, чыноўнік стаў саўдзельнікам афёры. Не быўшы ўпаўнаважаным, ён арганізаваў адкрыты конкурс на закупку племянной жывёлы для патрэб гаспадарак. Пры гэтым пераможца тэндару быў вядомы загадзя. Па папярэдняй змове за станоўчае вырашэнне пытання чыноўнік атрымаў хабар ад прыватнай кампаніі з Магілёва ў памеры звыш 20 тысяч даляраў. Столькі ж, па дадзеных следства, фірма абяцала выплаціць пазней.

Як распавёў у эфіры тэлеканала начальнік упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Шчадракоў, супрацоўнікамі УБЭП выяўлена, што ў 2010 годзе першы намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама, перавышаючы службовыя паўнамоцтвы, даў незаконныя ўказанні сямі сельгаспрадпрыемствам раёна на заключэнне кантрактаў з магілёўскай кампаніяй «Ост-Імпарт «на набыццё буйной рагатай жывёлы з Сербіі на ўмовах 100-працэнтнай перадаплаты. Па кантрактах была пералічаная сума, эквівалентная 5 мільёнам даляраў».

Пацярпелым гаспадаркам пакуль вярнулі толькі нязначную частку грошай. Чацвёра супрацоўнікаў магілёўскай кампаніі, якая выступіла пасярэднікам, асуджаныя. Патэнцыйныя прадаўцы жывёлы знаходзяцца ў вышуку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?