Апублікавана ў «НН» у 2011 годзе.

* * *

Разумны рыначнік ці «моцны гаспадарнік»? Першы беларускі мільянер, які пачаў кар’еру на рытуальных паслугах, ці сумленны дзяржаўны служачы, які будуе сабе жыллё ў крэдыт? «Недаакадэмік», з якога смяялася палова Акадэміі навук, ці прагрэсіўны навукоўца-эканаміст?

З Міколай Статкевічам. 2001 год.

З Міколай Статкевічам. 2001 год.

Лепш за ўсё Міхаіла Мясніковіча ведаюць тыя, хто сябраваў з ім да пачатку ягонай мінскай кар’еры. Новы Сноў, Горны Сноў, Сноў — вось тры населеныя пункты, адкуль выбівалася ў людзі цяперашняя другая асоба краіны.

Заможныя Мясніковічы

Цяперашні прэм’ер-міністр нарадзіўся на хутары каля Новага Снова — акуратненькай вёсачцы на пару дзясяткаў двароў, што знаходзіцца за кіламетр ад асноўнага Снова. Там, наводшыбе, стаяла вялікая сядзіба. У адной хаце жылі бацькі Міхаіла Уладзіміравіча і ягоны нежанаты дзядзька, па другі бок жыў іншы дзядзька.

Мясніковічы лічыліся заможнымі — у іх былі 12 гектараў зямлі, вялікі сад, луг, стаў са сваёй рыбай, пуня, гумно, добрыя коні…

Калі людзей з хутароў заганялі ў калгасы, давялося пераносіць хаты ў суседнюю вёску Горны Сноў. Побач знаходзіўся палац Рдултоўскіх. Пяць гадоў таму яго забралі ў вайсковай часці і перадалі памежнікам і КДБ. Цяпер яго забаронена нават фатаграфаваць.

У вёсцы па-ранейшаму жывуць стрыечны брат прэм’ер-міністра Антось Мясніковіч і ягоная жонка Галіна Ільінічна, якая была сваццяй на вяселлі славутага сваяка. Цяпер яна пенсіянерка, а яшчэ некалькі гадоў таму кіравала мясцовым крухмальным заводам. Іх чатырохпакаёвая хата, абабітая сайдынгам, адразу вылучаецца сярод суседніх. Гараж, металічныя дзверы і падлога, выкладзеная нятаннай пліткай, — някепска жывецца ў Снове!

Сноў вядомы беларусам узорным агракамбінатам. Ягонага былога старшыню Міхаіла Карчміта назвалі нават Героем Беларусі. Хоць пагаворваюць, што сваімі поспехамі агра-Сноў перадусім мусіць быць удзячны іншаму Міхаілу — Мясніковічу, чыя пратэкцыя і дапамагла здабыць інвестыцыі і раскруціць брэнд да рэспубліканскага маштабу.

Працавітыя людзі

Бацькі Мясніковіча былі звычайнымі работнікамі ў калгасе.

«У вайну Уладзімір трапіў у армію, — пачынае свой расповед Галіна Ільнічна. — Дык ён расказваў, што расіяне ў акопах увесь час мацюкаліся, а яны, беларусы з палякамі, усё хрысціліся, як бачылі, што бомбы людзей разрывалі… Мясніковічы былі майстрамі на ўсе рукі. Калі ў вёсцы ўтварыўся калгас, то ён стаў брыгадзірам у паляводчай брыгадзе, а ягоны брат — у будаўнічай».

Дарэчы, хата Галіны Ільнічны і яе мужа да еўрарамонту была зробленая менавіта рукамі дзядзькі Мясніковіча.

«Бацька Мясніковіча памёр маладым, — кажа яна і адразу ўдакладняе: — У 68 гадоў».

Такой зараджанасці на жыццё можна толькі пазайздросціць. Маці, Вольга Адамаўна, працавала рознарабочай у калгасе. Калі засталася без мужа, з’явіліся праблемы з нагамі. Давялося прадаваць хату іншым людзям і пераязджаць да дачкі ў Мінск.

У сям’і было двое дзяцей: старэйшы Міхаіл і малодшая Аляксандра. Сястра Мясніковіча так і не стварыла сям’ю і цяпер працуе інжынерам-тэхнолагам на «Кераміне» ў Мінску.

Памяць — гэта сямейнае

У пачатковыя класы маленькі Міша хадзіў у суседнюю вёску Агароднікі, а пасля вучыўся ў Снове. «Вучыўся проста выдатна! — узгадвае Галіна Ільінічна, якая жыла па суседству. — У яго была цудоўная памяць. Гэта ў Мясніковічаў сямейнае».

Пасля школы была вучоба ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце. У Снове засталося шмат сяброў прэм’ер-міністра. Калі ён прыязджае на малую радзіму, то часцяком сустракаецца з імі ў рэстаране крухмальнага завода.

Заязджае і на магілы бацькоў — кожную Радуніцу, толькі на дзень раней, каб было менш людзей.

Міхаілу прапаноўвалі вяртацца з Брэста ў Сноў. Але па накіраванні Мясніковіч трапіў у Мінск. Паспеў паслужыць і ў войску — у Польшчы.

Няўдалы вопыт КДБ

У Мінску малады інжынер «Водаканала» знайшоў жонку. Вяселле з Людмілай згулялі, калі Міхаілу было 25 гадоў.

«У першы дзень гулялі ў Мінску, у трохпакаёвай кватэры ў нявесты, а пасля прыехалі ў Сноў. Як мы тут танцавалі! Калі Міша жаніўся, сябры з боку нявесты пыталі, яўрэй жаніх ці грузін — такі смуглявы быў», — дзеліцца ўспамінамі Галіна Ільінічна, намякаючы на нетыповы для Беларусі колер скуры Мясніковіча.

Неўзабаве ў сям’і з’явілася папаўненне. Старэйшая дачка, Вольга, цяпер займаецца міжнародным гандлем у сферы хімікатаў. У яе ёсць сын Мікіта, які пакуль што ходзіць у школу.

Малодшае дзіця Мясніковіча — сын Дзмітрый, які закончыў у Мінску сувораўскае вучылішча. Пасля бацька адправіў яго ў акадэмію ФСБ у Маскве. У часы незалежнасці ўжо мала хто з беларусаў вучыўся на чэкіста ў Расіі, але Мясніковіч паспрабаваў адправіць сына менавіта па гэтай сцежцы.

«Дзіма папрацаваў у КДБ, але яму там не спадабалася. А я заўсёды казала, што Мясніковічы гэтым займацца не будуць», — з гонарам кажа прадстаўніца роду.

Цяпер сын прэм’ера працуе ў прыватнай кампаніі, а ў ягонай сям’і нарадзіўся маленькі Міша, названы ў гонар дзеда.

Жонка Мясніковіча Людміла ўжо выйшла на пенсію. Раней яна працавала галоўным эканамістам «Белпрамбудбанка».

Кватэрнае пытанне Мясніковічаў

Статус кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта запатрабаваў і адпаведнага жылля — доміка ў Драздах. Каб пабудаваць катэдж, Мясніковічу давялося прадаць мінскую кватэру і лецішча. Па ягоных словах, яшчэ і ўзяць крэдыт.

«У яго маленькі домік у параўнанні з суседнімі. Акуратны, кампактны — і саўна ёсць, і басейн», — хваліцца сваяком Галіна Ільнічна.

Дзеці Мясніковіча жывуць асобна ад бацькоў, але кватэрнае пытанне не стаіць перад імі востра. Дачка Вольга атрымала ад бацькоў у падарунак кватэру — і неўзабаве прадала яе. Зразумела, адразу ж стала ў чаргу «на паляпшэнне жыллёвых умоў». Пабудавала сабе нейкім чынам кватэру на льготных умовах— відаць, праз працу, бо па агульнай чарзе пачынаюць будавацца тыя, хто станавіўся на ўлік у 1990 годзе, — але прадала і яе.

Дык ці ёсць бізнэс у Мясніковічаў? «Ніякага бізнэсу няма — толькі дзяржаўная служба! — пасля секунднай затрымкі пачынае зацята пераконваць свацця. — І ў дзяцей свайго бізнэсу няма!»

Містар Спакой

Калісьці даўно Міхаіл Уладзіміравіч складаў свой радавод. Ці са шляхты паходзяць Мясніковічы? «Не памятаю, — прызнаецца Галіна Ільінічна. — Міша так даўно гэты радавод нам чытаў, што я забылася ўжо. Але радавод дакладна не з простых людзей!»

А які Мясніковіч па жыцці? «Такі кампанейскі! — не нарадуецца свацця. — Ён стараецца і ў кар’еры паспяваць, і ў сям’і. Такіх мэтанакіраваных людзей на свеце насамрэч мала. Не бывае сітуацый, каб ён на кагосьці голас павысіў! Калі жонка на яго з дакорам паглядзіць — штосьці не спадабалася, — адразу пачырванее. Але голас усё роўна не павысіць. Я ў жонкі пыталася: «Вось ты шчаслівая?» Адказвае: «Не заўсёды». Раней за дзесяць вечара дома яго чакаць не варта. Настолькі заняты чалавек. А ёй усё ж хацелася б больш увагі. А якая яму пенсія? Як Лукашэнка яго прэм’ерам угроб, дык будзе яшчэ пяць гадоў дубіць!»

Са сваякамі Міхаіл Мясніковіч сустракаецца часта. Пра гэта сведчаць сямейныя фотаздымкі. «Вось тут — мы ў гасцях у майго малодшага сына. А тут — Міша прыязджаў мяне з юбілеем віншаваць, 50 гадоў мне было. Яго на палове шляху Лукашэнка выклікаў, павярнуў назад. А ён усе справы высветліў і ўсё адно да нашага святкавання далучыўся. Бо сям’я для яго не менш важная, чым кар’ера», — падсумоўвае Галіна Мясніковіч.

* * *

Міхаіл Мясніковіч

нарадзіўся 6 мая 1950 у вёсцы Новы Сноў Нясвіжскага раёна. Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (1972) і Мінскую Вышэйшую партыйную школу (1989), доктар эканамічных навук (1998).

Працаваў інжынерам на «Водаканале», пасля галоўным інжынерам прадпрыемстваў камунальнага абслугоўвання Мінгарвыканкама і кіраўніком гэтага ўпраўлення. У 1984 прызначаны намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, у 1986—1990 быў міністрам ЖКГ БССР. З 1990 — намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня Дзяржкамітэта БССР па эканоміцы і планаванні. У 1991—1994 — першы намеснік прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, узначальваў яго выбарчы штаб на прэзідэнцкіх выбарах. У 1994—1995 — намеснік прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра. З 1995 да 2001 быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. У 2001 прызначаны кіраўніком Нацыянальнай Акадэміі навук. У 2010—2014 — прэм’ер-міністр Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?