Намесніцай прэм’ер-міністра па сацыяльных пытаннях стала старшынька Наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава. Яна замяніла на гэтай пасадзе Анатоля Тозіка, вядомага сваімі неардынарнымі прапановамі і новаўвядзеннямі.

Хто ж такая спадарыня Качанава?

Першая віцэ-прэм’ерка – жанчына

У незалежнай Беларусі яшчэ не было ніводнай жанчыны, якая б займала такую высокую пасаду. Як не было жанчын і сярод прэм’ер-міністраў. Яшчэ за часамі БССР пасаду намесніцы старшыні Савета міністраў займала Ніна Мазай (1985—1991), а вось Лукашэнка жанчынам гэтай высокай пасады не давяраў.

Варта заўважыць, што на сённяшні момант сярод усіх рай- і гарвыканкамаў краіны толькі ў двух кіравалі жанчыны. Гэта Наваполацк, дзе старшынявала Наталля Качанава (ад лістапада 2007). А таксама глухі Добрушскі раён, дзе апошнія дзевяць гадоў старшынюе Вольга Мохарава. Мала ў нас выходзіць «крэпкіх хазяйсцвенніц».

«Дзелавая жанчына ў маім разуменні — гэта дакладна не жанчына-вамп і не сцерва, як звычайна паказваюць модныя глянцавыя часопісы», — кажа Наталля Качанава.

Руская па нацыянальнасці

Наталля Качанава нарадзілася ў 1960 годзе ў Полацку. У афіцыйнай даведцы на сайце Наваполацкага гарвыканкама напісана: «Па нацыянальнасці — руская». Скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут (1981) па спецыяльнасці «Водазабеспячэнне і каналізацыя», а таксама Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі (2006) па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікі». З той самай анкеты вынікае, што Наталля Качанава валодае англійскай мовай, а таксама мае ордэн Святой Еўфрасінні Полацкай.

У Наталлі Качанавай ёсць двое братоў. «Мы — дружная, рабочая сям'я, бацькі — людзі вельмі простыя: тата працаваў у ліцейна-механічным цэху кавалём, брыгадзірам; мама ўсё жыццё адпрацавала на швейнай фабрыцы. Дома заўсёды, колькі яе памятаю, шыла і вязала — чаго я, напрыклад, не ўмею і, шчыра прызнацца, проста не люблю!» — казала Качанава ў інтэрв’ю.

Мае дзвюх дачок

Новы віцэ-прэм’ер замужам, мае дзвюх дачок. «Хачу сказаць, што ў нас з мужам выдатныя дзеці, я іх вельмі люблю, і ў мяне ніколі, паўтаруся, ніколі не ўзнікала з імі праблем», — казала Наталля Качанава.

Старэйшая дачка Вольга вучылася на бюджэце ў Мінскім медыцынскім універсітэце, з мужам пазнаёмілася падчас вучобы на педыятрычным факультэце. У пары ёсць сын. Жывуць у Мінску.

Алена — другая дачка. Яна скончыла Полацкую гімназію, а цяпер вучыцца на гістарыка-філалагічным факультэце ПДУ. Сама спадарыня Наталля кажа, што дачка не надта любіць афішаваць, кім працуе яе мама.

«Я бачу, з якім гонарам гаворыць пра Беларусь мая малодшая дачка», — казала старшыня гарвыканкама.

Беларускай мовы паменела

Тым не менш, жыхар Наваполацка, літаратар Вінцэсь Мудроў кажа, што за час працы Качанавай у горадзе зніклі амаль усе шыльды на беларускай мове.

«Нядаўна ў нас у горадзе быў збудаваны вялізны новы мікрараён, 8-ы. І там няма ані дзіцячага садка, ані школы. Такія вось вынікі жыццядзейнасці Наталлі Іванаўны», — паціскае плячыма сп.Вінцэсь.

Марыла быць выхавацелькай у дзіцячым садку

Усё дзяцінства Наталля Качанова ўсур’ёз займалася спортам. Спачатку — лёгкай атлетыкай, а пасля — валейболам. Хаця пра спартовую кар’еру, кажа, не марыла. А вось вельмі хацела быць выхавацелькай у дзіцячым садку, а ў НПІ паступіла выпадкова, дзякуючы спорту. Да іх на валейбольную пляцоўку прыходзіла выкладчыца інстытута, якая і сказала: «А паступайце да нас, будзеце вучыцца і займацца валейболам».

«Я, напрыклад, з сям'ёй да 30 гадоў пражыла на супольнай кухні. У нас не было ванны, гарачай вады — гэта той дом, у якім мы жывем да гэтага часу. Там сёння таксама ёсць супольныя кухні. А тады і мы жылі з суседзямі і не лічылі, што ў нас штосьці дрэнна», — казала яна ў 2011 годзе.

Кажа, што адзенне набывае ў наваполацкім «Доме гандлю» ці ў адным з ралетаў Полацка. Цырульняй карыстаецца ў полацкім «Доме быту». А вось гатуе вельмі-вельмі мала.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру