Сярод іншых чыноўнікаў, прызначэнні атрымалі і тры старшыні аблвыканкамаў. «Наша Ніва» знаёміць з біяграфіямі «губернатараў».

Анатоль Ліс заняў месца, здавалася б, непатапляльнага Канстанціна Сумара. Той кіраваў вобласцю больш за 10 гадоў!

Ліс нарадзіўся ў вёсцы Раўкі Мастоўскага раёна, гэта каля самага Скідзеля. Яму 56 гадоў.

Працоўная кніжка Ліса перапоўненая самымі разнастайнымі запісамі. Пачынаў ён газаэлектразваршчыкам на аўтабазе, пасля быў галоўным інжынерам у калгасе, выкладчыкам у ПТВ, інструктарам райкама, сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса…

Незалежнасць ён сустракаў у якасці намесніка старшыні калгаса ў Гродзенскім раёне. У «вертыкалі ўлады» Ліс апынуўся ў 1996-м, калі на дзесяцігоддзе ўзначаліў Навагрудскі райвыканкам. Ад гэтага раёна ў 2005-м пайшоў у палату прадстаўнікоў.

Па лукашэнкаўскай завядзёнцы неўзабаве дэпутата паклікалі на дадатковую працу. У 2007-2009 Ліс узначальваў Мазырскі райвыканкам, а пасля стаў намеснікам міністра прыродных рэсурсаў. Нарэшце, апошні час ён быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі, інспектарам па Гомельшчыне.

У Ліса дзве адукацыі – Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (БДАТУ) і інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ.

* * *

Новы кіраўнік Магілёўшчыны Уладзімір Даманеўскі таксама прыйшоў на пасаду з працы інспектарам. Ягоны папярэднік Пятро Руднік некалькі дзён таму быў прызначаны дырэктарам магілёўскага «Хімвалакна».

Даманеўскі нарадзіўся ў 1960 годзе ў Дзяржынску і рабіў кар’еру на малой радзіме. Пасля заканчэння БДАТУ (як і Анатоль Ліс), ён працаваў дырэктарам станцыі юных тэхнікаў, а потым інструктарам арганізацыйнага аддзела Дзяржынскага гаркама КПБ. Пасля развалу СССР яго пасаду трансфармавалася ў загадчыка аддзела па справах моладзі Дзяржынскага гарвыканкама (пасля і райвынкама).

Даманеўскі атрымаў другую адукацыю ў Акадэміі кіравання (1998) і пайшоў на павышэнне, у Мінаблвыканкам. За восем гадоў працы ён дарос да намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчавання. Нейкі час Даманеўскі інспектаваў Міншчыну ў складзе апарату Саўміна, а ў 2009 стаў кіраўніком Слуцкага райвыканкама.

З 2013 Даманеўскі быў памочнікам Лукашэнкі, інспектарам па Гродзеншчыне.

* * *

Алгарытм не дае збою – трэці новы губернатар Мікалай Шарстнёў таксама да гэтага дня быў інспектарам. Ён сачыў за Віцебшчынай усяго тры месяцы і застаўся ў ёй жа кіраўніком.

Чыноўніку 53 гады, ён нарадзіўся ў Аршанскім раёне. Па адукацыі — заатэхнік (скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут).

Бацька Шарстнёва быў механізатарам, Героем сацыялістычнай працы.

У біяграфіі сына — кіраванне калгасам «Знамя перамогі» Аршанскага раёна, праца начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Мінрайвыканкама.

У 2006-м Шарстнёў стаў дырэктарам «Белптушкапрама», а ў 2012 – гендырэктарам «1-й Мінскай птушкафабрыкі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру