Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне прыняў 27 снежня суддзя Першамайскага раёна Віцебска Андрэй Прэйс, паведаміла жонка асуджанага Алена Каваленка. 

Паводле яе слоў, Сяргей прызнаны вінаватым ва ўчыненні дробнага хуліганства на падставе артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яго, у прыватнасці, абвінавацілі ў тым, што ён спраўляў патрэбу ў грамадскім месцы і аказваў супраціўленне работнікам міліцыі. 

Сяргей Каваленка, які з 2013 года вучыцца ў Польшчы, прыехаў на канікулы тыдзень таму, расказала Алена. Ён быў затрыманы 24 снежня неўзабаве пасля таго, як на шматпавярховым доме ў цэнтры Віцебска быў вывешаны вялікі бел-чырвона-белы сцяг. 

Тое, што адбывалася ў судзе Алена Каваленка назвала бязладдзем. Яна асобна падкрэсліла, што яе мужу было адмоўлена скарыстацца паслугамі свайго адваката — замест гэтага далі дзяжурнага, які абвінавачванага фактычна не абараняў. 

Адбываць пакаранне Каваленка будзе ў ізалятары часовага ўтрымання Віцебска. Ён павінен вызваліцца 3 студзеня каля 17.00. У знак пратэсту супраць свайго затрымання актывіст яшчэ два дні таму абвясціў галадоўку, паведаміла Алена Каваленка. 

Сяргей Каваленка неаднаразова затрымліваўся міліцыяй. Тры гады таму яго судзілі за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. У месцах пазбаўлення волі ён абвясціў галадоўку, якая доўжылася каля двух месяцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?