Мы публікавалі артыкул Кацярыны Андрэевай пра «беларусізацыю». Цяпер яна даслала новы матэрыял, у якім разважае наконт ролі моладзі (а менавіта тых, хто нарадзіўся, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка) у сучасным грамадска-палітычным жыцці Беларусі. Актуальныя разважанні — і ёсць іронія ў тым, што ўлады абвесцілі гэты год «годам моладзі».

2015 год — юбілейны. Сёлета адбудуцца пятыя за ўвесь час існавання незалежнай Беларусі прэзідэнцкія выбары. Я спадзяюся, што яны адбудуцца. Выбары пятыя, але толькі на першых, улетку 1994-га, цяперашні кіраўнік дзяржавы легітымна атрымаў дастаткова галасоў у сваю падтрымку. Усё астатняе, уся наша гісторыя з 94-га па сёння, хлусня.

Хлусня на тэлебачанні, хлусня у газетах, адукацыйных установах. Здаецца, што час у Беларусі спыніўся… Ці так гэта?

Рэжыму Лукашэнкі — 21 год.

Мне было колькі месяцаў, калі ён прыйшоў да ўлады.

Памятаю старэнькі тэлевізар, што стаяў у зале нашай мінскай кватэры. Памятаю кадры дэманстрацыяў, калі людзі яшчэ выходзілі тысячамі на супрацьстаянне са страшэннай хваробай дыктатуры, якая ў сучасным беларускім абліччы тады толькі нараджалася. Дзесьці былі, напэўна, і астатнія— тыя, хто галасаваў за Лукашэнку як за «гаранта стабільнасці». Але ў той час такія словы, як «мітынг», «дыктатура», «нелегітымнасць» мне былі пакуль што невядомыя. Не ведала я, і адкуль паходзіць лозунг «Жыве Беларусь!», што часта гучаў намітынгах. Мне было незразумела, чаго патрабаваў натоўп з бел-чырвона-белымі сцягамі і з чым яны адмаўляліся пагаджацца. І чаму хлопцы ў чорным бязлістасна лупцавалі дубінкамі жанчын ды юнакоў на вуліцах Мінска.

У 2010-м годзе мне споўнілася сямнаццаць, і я пайшла на першы курс універсітэта. Я памятаю восень, калі ішла перадвыбарчая кампанія.

Зразумела, тады ў маіх аднагодкаў не магло быць поўнага разумення зрухаў у грамадстве. Для нас гэта былі нейкія разрозненыя каляровыя плямы — лунаючыя ў паветры сцягі розных партый, далёкія гукі песняў, заклікі. У пэўным веку жаданне змагацца за праўду хвалюе кроў і бянтэжыць розум, а таму — нагадвае гульню. Некаторым з маіх сяброў ужо споўнілася васямнаццаць, і яны сур’ёзна збіраліся ісці на выбары, адстойвалі свае меркаванні ў гутарках з прыяцелямі, нават ганарыліся выбарчым правам! Захопленыя марамі, яны не ўсведамлялі, што такога права не маюць апрыёры, пакуль у нашай краіне пануе татальная хлусня.

Мы памятаем, што засталося ад Плошчы той вызначальнай ноччу: сляды крыві на брудным снезе ды сотні жыццяў, зруйнаваных абсурднай жорсткасцю. А мо і не сотні, а ўсе як ёсць дзесяць мільёнаў?.. Тады Захад здзівіла, як у нас могуць прынародна збіваць кандыдатаў у прэзідэнты. Калі мне давялося падарожнічаць па Еўропе, мне казалі, даведаўшыся, што я беларуска: «У вас сапраўды такое магчыма?» Мне было сорамна за Беларусь. Тым не менш, нягледзячы на ўвесь боль, снежань 2010-га застанецца ўспамінам пра першы для нашага пакалення сапраўдны агульнанародны ўздым.

І канец дзяцінства. Мінуў час, і пакаленне народжаных у 94-м пасталела. Маючы хоць і невялікі, але жыццёвы досвед, мы нарэшце можам разважаць і дзейнічаць. Мяне здзіўляе, як хутка беларусы забыліся на трагічныя падзеі апошніх выбараў, як зноў жывуць па прынцыпе «абы вайны не было», але цяпер таксама дадаюць: «як ва Украіне».

Нават тыя, хто ніколі не падтрымліваў уладу, пачынаюць «шкадаваць» Лукашэнку, кажучы, што «без яго тут зусім пачнецца…»

Мы, беларусы, трапляем у пастку ўласных страхаў. Так, вайны няма. Так, стабільнасць. Але колькі часу нам адпушчана на нашую ўлюбёную стабільнасць? Бо нават самы заўзяты дыктатар не вечны. І калі час зменаў прыйдзе, перад народам паўстане выбар: сапраўдная дэмакратыя або існаванне ў складзе Расійскай Федэрацыі як адна з аўтаномных рэспублік. Прынамсі Лукашэнка ўжо дастаткова спалохаўся, каб дазволіць грамадска-культурныя акцыі, прысвечаныя беларускай мове. 

Аднойчы мне давялося пераканацца ў тым, што ў Расіі на нас ёсць свае планы.

Цырымонія закрыцця фестывалю «Лістапад». У мяне ёсць знаёмы расійскі кінакрытык, дарэчы, апазіцыйна настроены да пуцінскай палітыкі. Ён і запрасіў мяне на фуршэт у кінатэатры «Масква». У бары сабралася багема — дзеячы культуры, як расійскія, так і айчыныя, нязмушана гутарылі.

На агульным фоне недарэчна глядзеўся былы міністр культуры Расіі Швыдкой. Мой знаёмы дыпламатычна запытаўся, па якіх справах той прыехаў у Мінск: адпачыць ці на фестываль…

Я ж проста стаяла побач. У журналісцкай практыцы ёсць моманты, калі шкадуеш, што ў цябе ў руках няма дыктафона.

Былы міністр быў ужо добра падпіўшы, таму, не саромеючыся, адказаў:

— Нет, мы здесь по выборам работаем…

— По выборам пятнадцатого года? Так оні же только через год! Уже?!

— Уже, — выдыхнуў нам у твар чыноўнік.

Мае пачуцці можна было б апісаць словамі Булгакава: «Самый страшный гнев, гнев бессилия». Бяссілле, роспач перад страшэннай бязлітаснай машынай, што знішчае ўсё на сваім шляху. Але мы самі сваёю шматгадоваю памяркоўнасцю клаліся пад колы гэтае машыны.

Таму, калі я чую «Жыве Беларусь!», мне хочацца запытаць у майго пакалення: калі апошні раз мы правяралі пульс нашай Беларусі, каб упэўнена сказаць потым сваім дзеткам: «Так, жыве!»?

І калі кажуць, што надзея па»Нават тыя, хто ніколі не падтрымліваў уладу, пачынаюць «шкадаваць» Лукашэнку»мірае апошняй, мне хочацца ведаць, дзе той чалавек, які адродзіць свабодную Беларусь?

Магчыма, гэты чалавек — кожны з нас, ты і я? Калі мы хочам жыць у свабоднай краіне, перш за ўсё кожны малады беларус павінен адчуць сваю нацыянальную прыналежнасць, адчуць уласную годнасць і адчуць асалоду быць беларусам. Я лічу, што на нашае пакаленне ўскладзена найвялікшая адказнасць, бо мы — гэта надзея Беларусі на дэмакратычную будучыню.

Мы не маем права на памылку.

Жыве Беларусь. І жыць будзе вечна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру