«Гэта будзе складаны год не таму, што ў нас там цэны будуць расці на газ, на нафту і г.д. Гэта ад нас не залежыць. Гэты год будзе для нас складаным таму, што нам — хацелі б мы гэтага ці не — трэба зрабіць значны рывок, каб палепшыць нашу эканоміку».

Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 7 студзеня мінскага Свята‑Духава кафедральнага сабора.

«Гэта вызначальны год бягучай пяцігодкі, і вельмі, вельмі цяжкія задачы перад намі стаяць, і мы іх павінны выканаць», — падкрэсліў беларускі кіраўнік. «Жыццё нас увесь час падганяе: хутчэй, хутчэй, лепш і больш — для таго каб стварыць моцны фундамент на будучыню. Таму я і ад урада, і ад усіх людзей патрабую, каб мы не апускалі рукі, каб мы пасля святаў хутчэй забылі гэтыя ўрачыстасці святочныя і ўзяліся за працу. Так і Гасподзь нас вучыў», — сказаў А.Лукашэнка.

На яго думку, было б значна прасцей, «калі б мы не адчувалі залішняга ціску з боку нашых канкурэнтаў». «Ціск часам несправядлівы, таму што моцныя гэтага свету не любяць, калі больш малыя дзяржавы пачынаюць пра сябе заяўляць і ў эканоміцы дзесьці рабіць поспехі. Таму на гэта трэба глядзець спакойна і рабіць сваю справу. Вы, магчыма, ужо заўважылі, што і я менш рэагую на гэтыя знешнія выпады, а імкнуся займацца справай, для таго каб нашым людзям жылося трохі лягчэй і лепей», — заявіў А.Лукашэнка.

Ён паставіў таксама задачу аснасціць новым абсталяваннем усе айчынныя бальніцы.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0