Мінулы год быў адным з найбольш цёплых за апошнія дзесяцігодзьдзі, ён на два градусы перавысіў сярэднюю кліматычную норму. Цяплейшым быў толькі 1989 год.

Пра гэта на сёньняшняй прэс‑канфэрэнцыі паведаміла начальнік аддзелу клімату «Рэспубліканскага гідрамэтэаралягічнага цэнтру» Алена Камароўская.

Надзвычай цёплым летась быў студзень, сярэдняя тэмпэратура якога на 7,8 градусаў перавышала кліматычную. Рэкордна непрацяглай была і кліматычная зіма, якая пачалася толькі напрыканцы студзеня і скончылася ўжо ў пачатку сакавіка. Самым халодным месяцам летась быў люты, самым цёплым — жнівень. Што да асадкаў, то мінулы год быў звычайным для Беларусі.

Галоўны сыноптык «Рэспубліканскага гідрамэтэаралягічнага цэнтру» Вольга Фядотава паведаміла, што маразы, якія прыйшлі ў Беларусь у пачатку году, ужо адступаюць. Бліжэйшымі днямі чакаецца барацьба між холадам і цяплом, будзе ісьці мокры сьнег, таксама чакаецца галалёд. Ужо заўтра тэмпэратура на Захадзе краіны, магчыма, будзе плюсавай. На выходных чакаецца каля нуля.

Па прагнозах спэцыялістаў сярэдняя тэмпэратура ў лютым складзе ‑4 — ‑7 градусаў. Раньняя вясна прыйдзе наўрад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?