2 студзеня 2015 г. Пуцін падпісаў Указ, які ўносіць змяненні ў Палажэнне аб парадку праходжання вайсковай службы ў расійскай арміі. Шматлікія аглядальнікі звярнулі ўвагу на такі пункт Указа: «Вайскоўцы, якія з'яўляюцца замежнымі грамадзянамі, удзельнічаюць у выкананні задач ва ўмовах ваеннага становішча, а таксама ва ўмовах узброеных канфліктаў у адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, міжнароднымі дамовамі Расійскай Федэрацыі і заканадаўствам Расійскай Федэрацыі».

Да гэтага пункта дадаюць каментары, што, маўляў, Указ дазволіў служыць замежнікам у расійскай арміі. Сп. А. Сідарэвіч нават напісаў, што «сваім указам аб службе замежнікаў у расійскай арміі Пуцін падкладвае міну пад мілітарныя структуры Беларусі». Дык што ў гэтым указе новага насамрэч? Прынцыпова новае ва Указе толькі падаўжэнне гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе, што, мабыць, абумоўлена павелічэннем узросту набліжаных да Пуціна генералаў. Згаданы пункт Указа ёсць толькі юрыдычнай «касметычнай» праўкай Палажэння. А міна, калі ўжываць метафару сп. Сідарэвіча, для Беларусі, Грузіі, Украіны і г.д. была падкладзеная яшчэ на пачатку 2000-х гадоў.

Справа ў тым, што, апроч Палажэння, зацверджанага прэзідэнтам Расіі, ёсць Федэральны закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» 1998 года. У 2003 годзе ў гэты Закон былі ўнесены змены. І вось менавіта ў той час быў дадзены дазвол служыць у расійскай арміі замежнікам, а таксама ўнесены пункт, які ў студзені 2015-га дадалі (скапіявалі) у Палажэнне. Так што замежнікі даўно служаць у расійскім войску, і іх не так шмат. Але ўплыў гэтага закона на Беларусь было б не правільна разглядаць асобна ад іншых актаў заканадаўства РФ.

На пачатку 2000-х гадоў у Расіі пачала складацца, так бы мовіць, юрыдычная і ідэалагічная база таго, што адбывалася ў Грузіі 2008-га і ва Украіне 2014-га. Так, яшчэ ў 2001 годзе Пуцін падпісаў Федэральны закон (ФЗ), які мае лёсавызначальнае значэнне для падзей ва Украіне ў сакавіку 2014-га, а менавіта ФЗ «Аб парадку прыняцця ў Расійскую Федэрацыю і ўтварэння ў яе складзе новага суб'екта Расійскай Федэрацыі». Навошта такі закон, калі б не было плана пашырэння тэрыторыі РФ? Цікава, што непасрэдна ваенная рэалізацыя сённяшніх падзей ва Украіне выкладаецца ў ваеннай дактрыне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якая зацверджана пастановай Вышэйшай дзяржаўнай рады ў тым жа 2001 годзе. У дактрыне ёсць наступнае апісанне аднаго з варыянтаў узброенага канфлікту: «2.3 Узброеныя канфлікты і лакальныя войны, развязаныя супраць дзяржаў-ўдзельніц, могуць стаць следствам спроб вырашыць тэрытарыяльныя і іншыя супярэчнасці з дапамогай сродкаў узброенай барацьбы. Ва ўзброеным канфлікце на баку праціўніка могуць дзейнічаць асобныя фарміраванні як рэгулярных, так і ірэгулярных войскаў. Лакальная вайна можа весціся групоўкамі войскаў (сіл), разгорнутымі ў раёне канфлікту з узмацненнем іх за кошт частковага стратэгічнага разгортвання, перакідкі войскаў, сіл і сродкаў з другіх напрамкаў. Ва ўзброеным канфлікце і лакальнай вайне праціўнік будзе праследаваць абмежаваныя ваенна-палітычныя мэты». У кожнай ваеннай дактрыне разглядаюцца варыянты абароны ад стратэгічных і аператыўных дзеянняў, вядомых яе стваральнікам і якія яны самі могуць выкарыстаць. Такім чынам, калі замяніць слова «праціўнік» на РФ, згадаць пра правядзенне расійскімі войскамі маштабных «вучэнняў» у Растоўскай вобласці, а так сама што да ірэгулярных войскаў у Расійскай імперыі адносіліся войска казакоў і войска з адрознай ад рэгулярнага сістэмай камплектавання, то дактрына Саюзнай дзяржавы амаль цалкам апісвае ваенныя дзеянні ў Крыме і ва Украіне, праўда вайна была не супраць так званай Саюзнай дзяржавы…

У 2002-м годзе быў прыняты ФЗ «Аб ваенным становішчы», дзе азначана, што агрэсіяй супраць Расіі з'яўляецца напад на яе войскі незалежна ад месца іх дыслакацыі. У 2008-м годзе прадстаўнік Расіі ў ААН В. Чуркін спасылаўся на гэты пункт і арт. 51 Статуту ААН, каб падаць падзеі ў Грузіі як самаабарону. Але ж толькі ў 2009-м годзе, ужо пасля ўводу расійскіх войскаў у Грузію, Д. Мядзведзевым быў падпісаны закон, які вызначае ўмовы выкарыстання Узброеных сіл Расіі за мяжой.

Абодва гэтыя законы вельмі важныя для нас, таму што на тэрыторыі Беларусі размяшчаюцца два расійскіх ваенных аб'екта — РЛС «Волга» (каля г. Баранавічы) і 43-я радыёстанцыя 31-га вузла сувязі (каля г. Вілейка). Безумоўна, што напад на гэтыя аб'екты, дакладней - на расійскіх вайскоўцаў на іх, Расія так сама можа скарыстаць для ўводу войскаў у Беларусь для «самаабароны». Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з пагадненнямі аб арэндзе РЛС «Волга» і радыёстанцыі, Расія арандуе нерухомую маёмасць да 2020 года і абодва аб'екты не маюць статусу ваенных баз.

Вернемся да Указа і ФЗ аб службе замежнікаў. У мірны час гэтыя прававыя акты не гэтакія ўжо і страшныя для Беларусі, паколькі яны дазваляюць служыць замежнікам толькі на пасадах салдат і сяржантаў, служба на афіцэрскіх пасадах для замежнікаў не прадугледжваецца. Вось калі для беларусаў зробяць у гэтым сэнсе выключэнне, тады, канечне, трэба хвалявацца за нашыя ВПС (дзе ўсе лётнікі — афіцэры) ды і за іншыя роды войскаў. Але ж Указ і ФЗ Расія можа скарыстаць для легалізацыі і надання сацыяльных ільгот шараговым прадстаўнікам сваёй «пятай калоны» у выпадку ваеннага канфлікту на Беларусі, аналагічнага ўкраінскаму.

Безумоўна, што ваеннае і палітычнае заканадаўства Расіі ў 2000-х не спынілася. У 2012 годзе Дзярждума РФ разглядала законапраект А. Мітрафанава «Аб дзяржаўным рэгуляванні стварэння і дзейнасці прыватных ваенных кампаній». Тагачасны прэм'ер-міністр РФ В. Пуцін на пытанне адносна легалізацыі прыватных ваенных кампаній адказаў: «Гэта сапраўды інструмент рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў без прамога ўдзелу дзяржавы». Аднак законапраект не быў прыняты. Летась аналагічны законапраект «Аб прыватных ваенна-ахоўных кампаніях (ПВАК)» у Дзярждуму ўнёс дэпутат Г. Насоўка. Згодна з апошнім праектам (пакуль вернуты дэпутату) наймаць гэтыя структуры могуць не толькі юрыдычныя асобы, але і фізічныя, а так сама замежныя краіны. Сярод паслуг ПВАК ёсць суправаджэнне калон, медыяцыя і альтэрнатыўнае ўрэгуляванне ваенных канфліктаў, ваенны кансалтынг. Што разумець пад «альтэрнатыўным» — не ўдакладняецца. Законапраект забараняе ПВАК захопліваць замежныя тэрыторыі, скідваць улады ці падрываць канстытуцыйны парадак, але аб адказнасці за гэтыя учынкі ў праекце не гаворыцца. Такім чынам, можна проста расфармаваць батальён ВДВ, зрабіць з яго ПВАК, фармальна наняць на сродкі, да прыкладу, алігарха ці «марыянетачнай краіны» і заслаць у зону інтарэсаў РФ для «ваеннага кансалтынгу». І калі гэтая ПВАК скіне дзесьці ўладу, то фармальна Расія не пры чым і нават зможа паказальна ліквідаваць ПВАК як юрыдычную асобу. Але пакуль што гэты варыянт толькі праект. Пакуль.

А вось што не праект і на што трэба звярнуць увагу ў год выбараў на Беларусі, так гэта на новую ваенную дактрыну Расійскай Федэрацыі. У папярэдняй ваеннай дактрыне Расіі 2010-га года да замежнай ваеннай небяспекі адносіўся такі пункт: умяшанне ў іх [саюзнікаў РФ] унутраныя справы. 26 снежня 2014 г. В. Пуцін зацвердзіў новы варыянт ваеннай дактрыны. У новай дактрыне з’явіўся яшчэ адзін цікавы для Беларусі пункт: да замежнай ваеннай небяспекі аднесенае і «ўсталяванне ў дзяржавах, сумежных з Расійскай Федэрацыяй, рэжымаў … палітыка якіх пагражае інтарэсам Расійскай Федэрацыі». Такім чынам, калі на выбарах 2015 г. беларускі народ вырашыць «усталяваць» палітычны рэжым, які не жадае быць у ЕАЭС і будзе праводзіць незалежную ад РФ (ды іншых краін) палітыку — а гэта ёсць пагрозай інтарэсам Расіі — то беларускі народ раптам апынецца ваеннай, менавіта ваеннай, а не палітычнай ці эканамічнай, небяспекай для Расіі.

Увогуле, тыя геапалітычныя падзеі, што адбываюцца з удзелам Расіі на працягу апошняга дзесяцігоддзя, планавалася на пачатку 2000-х. І, па ўсім відаць, гэта далёка не канец. Міна ўсё яшчэ актыўная і пад намі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?