Часопіс Esquire апублікаваў вялікі рэпартаж з «падпольнага ліцэя» — чытайце тут
Ліцэй быў утвораны ў 1990-м, паўнаварта запрацаваў у 1992 годзе, аднак быў зачынены ў 2003-м, калі ўлады паспрабавалі змяніць яго дырэктара — Уладзіміра Коласа — і навязаць рускамоўную праграму навучання.
На працягу двух гадоў заняткі працягваліся на прыватных кватэрах, у офісах незалежных структур (у тым ліку і рэдакцыі «Нашай Нівы») і нават у падвале адной з цэркваў. З 2005 года ліцэй працуе на ўскраіне Мінска і легалізаваўся на базе адной з міжнародных школаў Польшчы.
У чым унікальнасць Коласаўскага ліцэя? — запыталіся мы ў нязменнага намесніка дырэктара ўстановы, Лявона Баршчэўскага (на фота знізу).
Лявон Баршчэўскі, намеснік дырэктара ліцэя: Мы 25 гадоў, фактычна, выконваем функцыю Міністэрства адукацыі: распрацоўваем праграмы, падручнікі, якіх не было да нас. Напрыклад, хрэстаматыя па сусветнай літаратуры — іх не існавала ў прыродзе, дый цяпер іх ніхто не робіць.
Па-другое, мы заўсёды працавалі, арыентуючыся на беларускае грамадства, якое яно ёсць. У нас нават было правіла: палова выкладчыкаў павінна быць мужчынамі.
Па-трэцяе, мы заўсёды прыцягвалі беларускіх інтэлектуалаў. Многія з іх не мелі досведу працы ў адукацыйных установах. Аднак яны ішлі да нас, бо самарэалізоўваліся праз ліцэй.
Мы стараліся ненавязліва паказваць узрошчаным савецкай і постсавецкай школай вучням іншую сістэму каштоўнасцяў, стварылі атмасферу сяброўства і павагі. І, вядома, у нас была дакладная канцэпцыя, каго мы хочам выхаваць у нашым ліцэі, хто патрэбны будучай Беларусі. Нічога з гэтага не памянялася і сёння.
«НН»: Што Беларусь страціла, калі ліцэй ліквідавалі?
ЛБ: Інтэлектуальны патэнцыял ліцэя застаўся па-за афіцыйнай сферай уплыву. Калісьці Мінадукацыі з намі супрацоўнічала, мы распрацоўвалі на іх замову праграмны блок па гуманітарных прадметах. Да нас звярталіся з Інстытута адукацыі, пыталіся, у якім кірунку нам распрацоўваць курс літаратуры ці гісторыі. Аднак пасля таго, як ліцэй стаў працаваць падпольна, такое супрацоўніцтва больш немагчыма.
Мы заўсёды давалі вучням выбар. А пасля гэта свабода была страчана, усіх зноў паспрабавалі загнаць у адно стойла крыху падфарбаванай сталінскай школы.
«НН»: У чым галоўныя заганы беларускай сярэдняй школы?
ЛБ: Галоўная загана у тым, што беларуская школа працягвае традыцыю царскай школы Расіі, дзе настаўнік — гэта вінцік у дзяржаўным механізме, які рэтранслюе палітыку ўладаў, якую павінны выконваць унізе. А вучні ў гэтай сістэме — апошняе звяно. Ім не даецца права выбару, не даецца права самастойнага мыслення. І самае галоўнае — гэта палітызацыя беларускай школы. Як у савецкай школе ў галовы ўбівалі адну дактрыну, так і ў школе часоў Лукашэнкі школа палітызаваная ў недапушчальнай ступені. Вучням не даецца права вырашаць, займацца самакіраваннем.
«НН»: Выпускнікі ліцэя цяпер атрымліваюць замежныя сертыфікаты аб адукацыі, што дазваляе ім лёгка паступаць у еўрапейскія ВНУ. Многія з іх не вяртаюцца ў Беларусь. Ці не здаецца вам, што ліцэй працуе «ў пустэчу»?
ЛБ: Выпускнікі атрымліваюць і беларускае пасведчанне аб адукацыі. Але нас сапраўды засмучае такое становішча. Зусім нядаўна адбылася сустрэча з вучнямі, на якой мы казалі, што хацелі б, каб яны вярталіся ў Беларусь.
З іншага боку, ліцэй мае гуманітарны профіль, 85% спецыяльнасцяў не запатрабаваны ці запатрабаваны не ў той форме ў структуры, дзе дзяржава з’яўляецца манапалістам. Прыватныя ВНУ і школы існуюць у нас толькі на паперы, але ідэалагічна яны падкантрольныя дзяржаве. Жорстка весці размову цяжка, бо выпускнікі кажуць, што там яны знаходзяць працу, а тут яны не могуць прымяніць сябе. Але мы, вядома, агітуем шукаць магчымасці і вяртацца на радзіму.
«НН»: У якім выпадку магчыма афіцыйнае вяртанне ліцэя ў Беларусь?
ЛБ: Гэта ў прынцыпе немагчыма пры сённяшнім адукацыйным кодэксе і заканадаўчых рамках, уведзеных у 2011 годзе. Працаваць па дзяржаўных праграмах мы не можам, бо гэта будзе прафанацыя гуманітарнай адукацыі, а навучаць па сваіх праграмах, як мы рабілі да 2003 года, нам не дазваляе заканадаўства. Трэба мяняць заканадаўства, вяртацца да шматпрофільнай адукацыі. І ў гэтай сітуацыі мяч на баку дзяржавы, якая павінна зрабіць крокі першай. У нас жа ёсць унікальны досвед незалежнай гуманітарнай адукацыі.
«НН»: Што б вы пажадалі сваім выпускнікам?
ЛБ: Каб вярталіся ў Беларусь, дасягалі поспеху і ўплывалі на іншых людзей тут, у Беларусі.
* * *
Пажаданне ад дырэктара
Хай тыя веды і тая пазіцыя, якія вучні набываюць у ліцэі, дапамагаюць як ім у асабістым жыцці, так і краіне, каб у ёй былі перамены.
Уладзімір Колас, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа





