James Hider Latin America Correspondent
Улады Венесуэлы забаранілі жыхарам краіны наведваць дзяржаўныя харчовыя крамы часцей за два разы на тыдзень.
Пра гэта паведамляе газета Times.
Такое рашэнне прынялі з-за эканамічнага крызісу, які выкліканы падзеннем цэнаў на нафту. У краіне, як адзначае газета, назіраецца высокі рост цэнаў і дэфіцыт харчавання. Інфляцыя ў краіне, па словах прэзідэнта краіны Нікаласа Мадуры, складае 63%.
Каля дзяржаўных прадуктовых крам дзяжураць паліцэйскія, якія правяраюць дакументы ў наведнікаў.
Таксама дзяжураць каля іх і супрацоўнікі іміграцыйнай службы, каб замежнікі не куплялі прадукты для адпраўкі іх кантрабандай у суседнія краіны.
Карлас Асорыа — кіраўнік нацыянальнай службы прадуктовай бяспекі, упэўнены, што чэргі ў крамах толькі кажуць пра шырокае прадуктовае багацце.
«Калі б у Венесуэле не было ежы, не было б і чэргаў, якія мы тут бачым. У нас не збіралася б столькі людзей у гэтых установах. Гэта найлепшая дэманстрацыя таго, што ў нас ёсць», — заявіў ён у эфіры дзяржаўнага тэлебачання.





