Урад Беларусі падтрымаў прапанову Міністэрства эканомікі аб падвышэньні транспартнага тарыфу за транзыт расейскай нафты па беларускай тэрыторыі на 15,7—16,7%, што прынясе ў бюджэт дадатковыя $31 млн.

Расейскае Мінпрамэнэрга рашэньне беларускага боку назвала апраўданым, а падвышэньне тарыфу нязначным, што не адаб’ецца на аб’ёмах экспарту, адзначае расейскі «Коммерсант». Тым больш, што беларускае Мінэнэрга аргумэнтвала сваю ініцыятыву дзеяньнямі расейскай кампаніі «Транснефть», якая падвысіла транспартныя тарыфы ў 2008 годзе ў сярэднім на 19,4%.

Расейскія экспэрты, сярод іх, Валер Несьцераў з «Тройки Диалог», прэс-сакратар «Газпром нефти» Натальля Вялкіна, ды іншыя, ня бачаць нічога страшнага ў падвышэньні тарыфаў і мяркуюць, што роля трубаправоду «Дружба» па аб’ектыўных прычынах будзе зьніжацца: усходнеэрапейскія НПЗ маюць альтэрнатыўныя крыніцы паставак сыравіны, а ў самой Расеі высьпявае ідэя нарошчваньня ўласнай перапрацоўкі нафты. Яскрава пра гэта сьведчаць і наступныя лічбы: у чацьвёртым квартале 2007 году праз «Дружбу» прайшло 21,5 млн т нафты, а ў першым квартале бягучага году заплянавана паставіць ужо 18,5 млн т.

Па тэрыторыі Беларусі з улікам паставак нафты на Мазырскі НПЗ праходзіць каля 81 млн т расейскай нафты. Прыбытак Беларусі ад яе транзыту за мінулы год ацэньваецца ў $196,2 млн.

Сямён Печанко, паводле «Коммерсант»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0