Болем і адчуваннем незаменнай страты адгукнулася ў нашых сэрцах вестка пра смерць Анатоля Пятровіча. Разам з ім адыходзіць цэлая эпоха ў беларускай гістарычнай навуцы. Чатыры апошнія дзесяцігоддзі ён у многім вызначаў аблічча нашай навукі, падтрымліваў яе высокі імідж у навуковым свеце. Ён — яе гігант, апора нацыянальнай канцэпцыі беларускай мінуўшчыны.

Анатоль Пятровіч узрыў шмат якія дзірваны нашай гісторыі. Ён даследаваў такія падзеі і з’явы, пра якія іншыя пісаць не асмельваліся. Ён нібы апярэджваў свой час, задаваў тон усёй навуцы, быў узорам для калег па гістарычнаму цэху. У сваіх даследаваннях зыходзіў з іх вялікасці крыніц і фактаў. Яго навуковыя палажэнні, высновы, статыстычныя падлікі часам увяргалі ў навуковы шок. Але яны былі і ёсць неабвержныя.

Кожная з прац Анатоля Пятровіча — гэта з’ява нацыянальнай гістарыяграфіі. Многія з іх яшчэ пры жыцці аўтара сталі класікай беларускай гістарычнай навукі. Яны надзвычай важныя для нас і для будучых пакаленняў.

Вялікі патрыёт сваёй краіны, ён нёс у айчынную навуку і сучаснае жыццё сакавітую беларускую мову.

Схіляем галовы ў смутку і пашане. Памятаем. Адчуваем і сваю адказнасць за будучыню гістарычнай навукі.

Святлана Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0