І хто яго тузаў за язык? Я маю на ўвазе заяву экзарха Паўла пра большую самастойнасць Праваслаўнай Царквы ў Беларусі.

Што гэта было? Экспромт? Імправізацыя? Раптам стрэліла-выбухнула ў галаве такая думка? Не раўнуючы, як думка пра «чарнобыльскі кранік»?

Салідныя палітыкі (а епіскап – тым больш мітрапаліт, экзарх – змушаны быць палітыкам) без папярэдніх кансультацый, зандажу заявы такога кшталту не робяць.

Тут належала перш выведаць пазіцыі і свецкай улады Беларусі, і настаяцеля Данілавага манастыра ў Маскве, і крамлёўскага пастаяльца, ад якога ў немалой ступені залежыць настаяцель. І вывучыць, нарэшце, думку епіскапата, манаства ды белага духавенства Беларусі.

Пасля заявы экзарха Паўла адзін рамантык захоплена казаў мне: якія дружныя былі воплескі святароў, калі экзарх прамовіў тыя словы!

Ведаю я дружныя апладысменты, якія пераходзяць у доўганезмаўкальную авацыю. Праходзілі мы гэта за часамі КПСС. Таму я і не падзяліў аптымізму свайго суразмоўцы.

І што? На гэтым тыдні – праз месяц пасля гучнай заявы – з тых самых вуснаў мы пачулі, што пытанне аб самакіраванасці Праваслаўнай Царквы ў Беларусі здымаецца з парадку дня. І зноў экзарх Павел прадэманстраваў легкадумнасць. Не ён першы паставіў гэтае пытанне і не яму здымаць пытанне з парадку дня.

Уладыку Паўлу перш чым казаць такое, належала б пракансультавацца са знаўцамі прадмету, калі першы раз у найноўшай гісторыі праваслаўныя хрысціяне Беларусі заявілі аб сваім жаданні бачыць сваю Царкву ці то аўтаномнаю, ці то аўтакефальнаю. І належала б мітрапаліту ведаць: раз важнае (у нечым нават экзістэнцыйнае) пытанне сфармулявана і пастаўлена ў парадак дня, ніякі экзарх, патрыярх ці прэзідэнт не мае сілы «закрыць» яго, зняць з парадку дня. Гэтае пытанне будзе актульным аж да моманту яго вырашэння.

Яшчэ больш здзівіў мяне экзарх Павел сваёй заявай, што пытанне аб самакіраванасці Праваслаўнай Царквы ў Беларусі здымаецца на бліжэйшыя 25–50 гадоў. Што ва ўладыкі Паўла з багаслоўскай падрыхтоўкай? Хто, акрамя Бога ці Божых прарокаў, можа ведаць, што будзе з намі, з нашай краінай, з Царквою праз месяц, год ці два? Нейк не верыцца, што экзарх Павел – прарок.

Не таямніца, што апорай Маскоўскай Патрыярхіі з’яўляюцца цяперашнія палітычныя рэжымы Расіі і Беларусі, якія фаварызуюць яе і пераследуюць альтэрнатыўныя праваслаўныя цэрквы, не даюць ім разгарнуць свае структуры.

Няўжо экзарх Павел упэўнены, што цяперашнія палітычныя рэжымы Расіі ды Беларусі, што цяперашні статус Маскоўскай Патрыярхіі застануцца нязменнымі працяглы час?

Мне помніцца з гісторыі, як адзін самаўпэўнены палітык абяцаў пабудаваць тысячагадовы райх, а адна самаўпэўненая партыя абяцала, што ў 1980 годзе ў Савецкім Саюзе будзе створана матэрыяльная база камунізму. Дзе той райх? Дзе той камунізм («шчасце на вякі»)? Дзе той Савецкі Саюз? І дзе тая партыя?

Зрабіўшы заяву пра 25–50 гадоў нязменнага статусу Беларускага Экзархату, уладыка Павел яшчэ раз прадэманстраваў сваю легкадумнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?