Расійскае федэральнае агенцтва Regnum.ru выдала чарговы шэдэўральны артыкул пра Беларусь. На гэты раз сайт вырашыў прасвяціць сваіх чытачоў у пытанні: «Што насамрэч уяўляе сабой беларуская апазіцыя».

Аўтарам матэрыяла выступіў палітолаг, былы загадчык кафедры ідэалогіі і палітычных навук Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (!) Мікалай Малішэўскі. Не абы-хто.

Таму можна было чакаць грунтоўны аналіз. На самай жа справе прафесіяналізмам там і не пахла, дылетанцкі агляд з замшэлымі звесткамі.

Перш-наперш кідаецца ў вочы, што ў лік моладзевых арганізацый, што дзейнічаюць у Беларусі аўтар пералічвае «Зубр», «Джынс», «Край», Беларускую партыю свабоды, «Правы альянс», які ці распусціліся ці міжволі спынілі сваю дзейнасць, часам яшчэ 15 гадоў назад. Здаецца, што простае карыстанне Гуглам дазваляе пабачыць, калі згаданыя арганізацыі праводзілі нейкія акцыі ці ўзгадваліся ў СМІ. Але, мабыць, простыя шляхі не для Мікалая Малішэўскага.

Узгадваецца бізнэс, які падтрымлівае «культурныя мерапрыемствы беларускіх нацыяналістаў». Сярод іншага згадваецца камп’ютарная фірма «Дайнова». 20 гадоў ужо ніхто не ўспамінаў «Дайнову», каб не Малішэўскі. Але добра, што згадаў — кампанія сапраўды рабіла годную справу. Прыклад для іншых.

У пераліку ў СМІ, што працуюць з замежжа на Беларусь успамінаецца радыёстанцыя «Балтыйская хваля». Наймаладзейшае пакаленне чытачоў «НН», мабыць, і чуць нічога не чула пра яе з 2002 года, але вось Regnum свята перакананы, што радыё ўсё яшчэ вяшчае на Беларусь.

Піша Малішэўскі таксама пра Кансультатыўную раду апазіцыйных палітычных партый. Божа мой, калі ж гэта было! Яшчэ падчас выбараў 2001 года, пры падтрымцы пасла АБСЕ Ганса-Георга Віка. Карацей, інфа даўно састрэлая і не актуальная.

Літаральна дзве пстрычкі ў Google дазволілі знайсці артыкул за чэрвень 2009 года «Інфраструктура беларускай апазіцыі» на сайце «Імперыі», які і лёг у аснову нататкі Малішэўскага.

І тады, і там пісалі і пра «Балтыйскую хвалю», і пра «Дайнову». Мікалай Малішэўскі цытуе з таго матэрыялу цэлыя абзацы тэксту, не спасылаючыся на арыгінал, хоць той тэкст належыць аўтарству іншаму такому ж заходнярусу Сяргею Шыптэнку. Аўтарскія правы? Не, не чулі.

Мабыць, і ганарар спадар Мікалай Малішэўскі атрымаў за свой плагіят, які нават не парупіўся праверыць, выдаў усё за чыстую манету.

Разведчык з спадара Малішэўскага курам на смех атрымаўся. Аўтар, пішы яшчэ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?