«…Дарэчы, і тваю школу ў Далёкіх з верасня закрылі, — Ванда бездапаможна ўздыхнула, і размова перайшла на Опсаўскую школу-­інтэрнат, у якой прайшло ўсё яе, цягам 40 гадоў, настаўніцкае жыццё. — Яна ўжо другі год як зачынена…»

Закрытая Далёкаўская школа. Іван Пяткун (справа) аддаў школе 33 гады.

Закрытая Далёкаўская школа. Іван Пяткун (справа) аддаў школе 33 гады.

Школа-­інтэрнат для дзяцей-­сірот месцілася ў былым маёнтку Плятэраў, а потым, ад 60­-х, — праз дарогу, у вялікім, тры паверхі, тыпавым будынку. Але і пасля таго частка дзяцей заставалася жыць у палацы над возерам, да якога спускалася шырокая лесвіца. Унізе, троху злева, на беразе, — стары, у некалькі абхватаў, дуб. Гадоў трыста яму. Па легендзе, да яго прывязваў каня сам Напалеон…

 1. Далёкія

 Парваны ланцуг

— Кагосьці шукаеце?

Ля замкнёных дзвярэй крамы смаляць два мужыкі ў камуфляжы, чакаюць, калі адчыніцца.

— Так, шукаю, — адказаў я, — мінулае шукаю… Вось, адшукаў магілу Верам’ёва. Мо памятаеце такога?

— А то ж! — дужы, старэйшы, смачна зацягнуўся, папляваў на тлеючы попел і раскамячыў недакурак у тоўстых, з пачарнелай задубелай скурай, пальцах.

— Сваяк?

Да Івана, на могілкі на ўскрайку Опсы, я завітаў па дарозе ў Далёкія. Іван Кірылавіч Верам’ёў, муж Ванды, выкладаў біялогію ў школе-­інтэрнаце і быў настаўнікам ад Бога. Жыццё пакінула яго раптоўна, падчас навагодняй школьнай вечарыны.

— Не, не сваяк. Сябравалі. Я таксама тут настаўнічаў. У Далёкіх… У 60­-я. Паўвека прайшло…

Іван Антонавіч Пяткун — адзіны сябар, хто застаўся з часоў майго настаўніцтва ў Далёкіх, адзіная нітачка ад мінулага.

Яму 76 гадоў, ён дрэнна чуе, хворыя сасуды, але трымаецца, бо трэба даглядаць жонку Веру, прыкаваную да ложка. Яна, прыслухоўваючыся да нашай размовы, папраўляе мужа, калі ён нешта блытае. Большую частку жыцця, 33 гады, ён настаўнічаў, выкладаў машыназнаўства, вёў урокі працы. «Да 80 працэнтаў маіх выпускнікоў заставаліся працаваць у калгасе. Дык то ж калгас быў, адных трактароў звыш паўсотні. Добра, калі цяпер іх некалькі…»

Пра калгас згадвалі амаль усе, каго я пытаўся, чаму закрылі школу. Усё ўпіраецца ў калгас, дакладней у тое, што яго сядзібу колькі год таму прыбралі з Далёкіх. Апошнім разам — ажно ў Казяны, за 70 км. Памер, як у свой час на цаліне… Затое назва сучасная — ТАА «Новая гвардыя»…

Калгас — праца — школа… Адзін ланцужок. Чаму ж такі слабы аказаўся? У Далёкіх заставалася 18 настаўнікаў на 22 вучні — здохлая справа.

…Школу ў Далёкіх — драўляную, з мезанінам, ад чаго яна нагадвала былую сядзібу, прывезлі аднекуль і паставілі ў 1947 годзе. У 1963­-м, на мой першы настаўніцкі год, калгас называўся «Праўда».

Пачалося маё настаўніцтва з таго, што давялося абараняць ад раззлаваных мужыкоў з віламі маладога хлопца фінінспектара, які прыпёрся на калёсах ажно з Браслава правяраць, ці трымае хто на падворку забароненую скаціну — яе належала здаваць у калгас. Лупіць не лупілі, але з воза злезці не далі…

«Праўду» праз які год ператварылі ў «імя Варашылава». Далей былі пераўтварэнні, узбуйненні і разузбуйненні, так ці інакш хацелі захаваць калгасны лад. Так і дабілі вёску.

Па сутнасці, працэс закрыцця школы ў Далёкіх пачаўся калі не з дня адкрыцця, дык разам з утварэннем калгаса. Бо ні ў паспяховыя, ні ў няўдалыя для калгаса гады ніхто тут нічога іншага для сваіх дзяцей не жадаў, як толькі збегчы з яго. Хто куды, хто з чым, хто кім…

Іван ганарыцца тым, што 80% ягоных выпускнікоў заставаліся ў калгасе, але пры гэтым яго дочкі таксама разляцеліся па свеце. Адна, пажыўшы ў Чэхіі, прытулілася да Віцебска. Другая ўгразла ў Грэцыі, даглядае ў казіно ігравыя аўтаматы.

А ў Далёкіх цяпер 153 двары. Але 26 з іх — пустыя. І жыхароў усяго 371. З іх 17 дзетак да 6 гадоў, 30 — ад 6 да 17, 217 працаздольных, 107 пенсіянераў.

Пра гэту дэмаграфію я даведаўся ад Марыі Станіславаўны Баліко, старшыні сельсавета. Яна лічыць, што школу закрылі таму, што бацькі не хочуць нараджаць. «Яе ж можна было ўратаваць! — амаль што з крыўдай усклікае Марыя Станіславаўна. — 13 дзяцей прапанавалі прыняць на выхаванне ў настаўніцкія сем’і. З Друі, з дзіцячага дома. Адмовіліся. І самі не нараджаюць… А ўвогуле нараджаць не хочуць таму, што вёску заліло гультайства і п’янка. Я тут лагер збудавала б для ўсёй гэтай п’яні, дала б замест грошай хлеба, мукі, солі… Жывіце!» — гарачыцца Марыя Станіславаўна…

Сама яна мясцовая, нарадзіла і выхавала трох сыноў. Дзе яны? У Віцебску.

Рэха здалёк

Новая школа была збудаваная ў 1972 годзе. Цяпер яна пустая. Толькі ў пары пакояў месціцца сад. 6 дзетак і загадчыца, яна ж і выхавацелька.

Ціха ў пакінутым школьным музеі. Калісьці я перадаў у яго старажытныя арабскія дырхемы. Іх, не шкадуючы, адсыпаў мне светлай памяці Валянцін Навумавіч Рабцэвіч, знакаміты ўжо на пачатку 60­-х выкладчык нумізматыкі на гістфаку, у абмен на некалькі рымскіх, ажно з антычных часоў, сярэбраных манет, што выкапаў Янак Ундруль на сваім агародзе ля Крывавага, нейкая даўняя назва, ручая. Дырхемы тыя я пакінуў школе. Каб той, хто прыйдзе пасля мяне, стварыў музей. Ну і на памяць. Але не адшукаў…

 Затое адшукаў фота сваіх вучняў. У Далёкіх з іх не жыве ніхто.

І адшукаў верш: «Прыеду і прайдуся па вёсачцы роднай. // Змянілася, родная, зусім не пазнаць. // Куды ні зірні — шмат бязлюдных дамоў. // Знямеўшы, пасунуўшы, сумуюць, стаяць… // Шмат успамінаў тут, у роднай вёсцы. // І дзе я ні буду, на якой зямлі, // Жыві, мая радзімая старонка, // Матулька­вёсачка, жыві! Цыўнель Алена» …

Алена… Помню яе трохгадовай дзяўчынкай. Ляпнула мяне па жываце праз коўдру, ды моцна так. Круглы тварык, шчочкі, уперылася блакітнымі вочкамі: «Ты хто?»

Хто… хто… хто…

Даляцела ўсё ж рэха ад першай маёй раніцы ў Далёкіх.

Рэха здалёк.

Жанна, гаспадыня сядзібы

Жанна Станкевіч — гаспадыня сядзібы, сацыяльная работніца і мастачка.

Жанна Станкевіч — гаспадыня сядзібы, сацыяльная работніца і мастачка.

Жанне Станкевіч 33 гады, але такі ўжо не дзявочы ўзрост хаваецца глыбока ў позірку, за прамянямі маладой лагоднай усмешкі. Жанна не замужам, і на асцярожнае пытанне пра перспектывы адказвае, што ў Далёкіх з гэтым цёмна: «Няма каго браць — ні замуж, ні так…»

Да хаты на ўскрайку Далёкіх мяне прывяла выстава яе карцін, што зладжана ў Доме культуры. Карціны — вышываныя і ў тэхніцы «ваўнянага жывапісу», якую Жанна засвойвае апошнім часам. Ці здольная прыгажосць ратаваць знікаючы свет?

Схаваць узрост хаты цяжкавата, я адразу пазнаў у ёй колішнюю аптэку. Праўда, ад былой аптэкі засталося толькі падстрэшша, ашаляванае счарнелай вагонкай. Сама ж хата ўжо абкладзена белай цэглай, ганак пафарбаваны ў колер сонечнай раніцы, ружовы, у вокнах шклопакеты, а на сцяне — дзве спадарожнікавыя талеркі. І ўсё гэта — пад чырвоным, з андуліну, дахам. Трохі псуе карціну паўразвалены хлеў.

Мо і не трэ' было засяроджвацца на гэтым будаўнічым працэсе, каб не рабіўся ён на сродкі і ўласнымі рукамі самой Жанны.

Ну і матуля дапамагае, Марыя Аляксееўна. За сценкай час ад часу даносіўся моцны храп ці аднаго, ці ўсіх трох братоў, што адпачывалі пасля чарговай п’янкі. «Выхваляліся, што за лета і восень зарабілі ажно 23 мільёны, — усміхаецца Жанна, — але ж ні капейчыны не далі, усё сышло ў бутэльку…» — «У калгасе зарабілі?» — «У якім калгасе?! Па чужых сотках…»

А Жанна працягвала: «Усяго нас было дзевяць дзяцей, засталося сем — тры браты ды чатыры сястры… Сёстры раз’ехаліся, а двое братоў загінулі — адзін на ровары забіўся, другі атруціўся…»

Здавалася б, вось яна, будучыня Далёкіх, што нараджалася ад 1975 года, калі бацькі ажаніліся.

За Далёкія зачапіўся яшчэ бацька са сваімі бацькамі. Родам з Понішак, ці з Лабінскага балота, як яшчэ называлася тая мясціна. На пытанне, што там, хутар ці вёска, Жанна адказала: «Нічога. Там ужо нічога няма». Мусіць, па Станкевічах праехалася «палітыка партыі» ў 60—70­-х гадах — ссяленне хутароў. Спярша тая палітыка малявала неблагую перспектыву: ажаніліся, уладкаваліся ў калгасе — матуля даяркай, бацька конюхам ды пастухом… Але з часам…

Жанна скончыла Відзаўскае СПТВ і атрымала прафесію — «гаспадыня сядзібы». У дадатак — повар, аператар машыннага даення і агароднік. Але ніводная з чатырох прафесій заробку не дае. Грошы Жанна зарабляе з працы сацыяльным работнікам — даглядае двух старых. Падзарабляе і на прыватных будоўлях, што вядуць у азёрным наваколлі прыезджыя багатыя людзі, і з журавін, па якія ездзіць на ровары за 20 кіламетраў… Яшчэ конь ёсць — каму што падвезці…

З вышывак сваіх не мае нічога. Толькі каб людзі глядзелі ды марылі аб шчаслівым жыцці… Але ці будзе ў Далёкіх каму глядзець? Жанна паціснула плячыма: «Будоўлю трэба скончыць. А там… Час пакажа…»

Калі паспее, падумаў я.

 

 2. Далёкія — Опса

Удар. Яшчэ ўдар

Калі вяртаўся ў Опсу, насустрач ўжо пыліў жоўты аўтобус. Я міргнуў фарамі, ён — у адказ. Але, абдаўшы пылам, не спыніўся…

Папярэдне хацеў сустрэцца з Раісай Міхайлаўнай Койра, былой дырэктаркай Далёкаўскай школы. Мяне цікавілі абставіны закрыцця, а заадно — як вучні пачуваюць сябе, патрапіўшы з беларускамоўнай школы ў рускамоўную, якой, у адрозненне ад Далёкаўскай, заўжды была сярэдняя школа ў Опсе. Але нечакана сутыкнуўся з катэгарычнай адмовай. «Няма пра што размаўляць», — у голасе Раісы Міхайлаўны чулася стомленая раздражнёнасць…

У Опсу я вяртаўся расстроены. Засмучала адмова былой дырэктаркі. І тое, што не было хвалюючага развітання са школай. Калі сыходзіць чалавек, збіраюцца людзі, каб выказаць яму падзяку і праводзіць у апошні шлях. А калі памірае школа? Што, пакінуць усе пачуцці ў музеі і замкнуць на ключ? Няўжо настаўнікі толькі і былі заклапочаны сваім далейшым лёсам? Які, дарэчы, склаўся даволі спрыяльна — ніводзін не застаўся без работы. Хто ў Богіне, хто ў Відзах, але ў асноўным у Опсе. А мо Раіса Міхайлаўна таму і адмовілася сустракацца, што цяжка?

У Опсаўскую сярэднюю школу я трапіў якраз у перапынак. Звычайны школьны перапынак — з дзіцячым гоманам, беганінай па калідорах…

За ўсім гэтым моўчкі назірала мілавідная жанчына ў вязанай кофце і вольна накінутым на плечы шалі. Нешта хатняе было ў яе абліччы, уласцівае сельскім настаўніцам… «Не ведаеце, хто тут з настаўнікаў з Далёкіх?» — «А я з Далёкіх і ёсць…»

Ірына Станіславаўна ездзіць на працу з Далёкіх у Опсу за 7 км.

Ірына Станіславаўна ездзіць на працу з Далёкіх у Опсу за 7 км.

Ірына Станіславаўна Высоцкая нарадзілася ў іншым кутку Браслаўшчыны, у Плюсах. Скончыла школу, потым педінстытут у Даўгаўпілсе, што для моладзі з браслаўскага краю было не рэдкасцю.

У Далёкіх Ірына Станіславаўна апынулася напрыканцы 80­х – намеснікам дырэктара і выкладчыцай фізікі. Здолела прышчапіць далёкаўскім вучням любоў да фізікі. Асабліва таму, хто паступіў вучыцца ў мінскі БАТУ і ў 1992 годзе вярнуўся ў Далёкія калгасным электрыкам і мужам прыгожай настаўніцы. Гэткая аказалася прышчэпка да роднай зямлі. Ці ўтрымаецца?

Ці ўтрымаюцца галоўны калгасны, ад Далёкіх да Казян, электрык і ягоная жонка­-настаўніца на тым гектары зямлі, што апрацоўваюць, каб выжыць? Апошнім разам муж прынёс ажно паўтара мільёна, дый то пасля шматмесячнай затрымкі. «Быў час, калі ён зарабляў у два разы больш за мяне. Цяпер — я», — усміхаецца Высоцкая і сцвярджае, што ніколі «не зацыклівалася» на заробку.

Пра шмат што размаўлялі мы з Ірынай Станіславаўнай. Аказваецца, прыспешылі закрыццё Далёкаўскай школы пераўтварэнне з сярэдняй у базавую і… моўнае пытанне.

Школа ў Далёкіх была беларускамоўнай. А ў суседніх Відзах — рускамоўнай. І людзі з Богіна сталі адпраўляць дзяцей не ў Далёкія, а ў Відзы, бо там мова навучання «больш перспектыўная»…

А я згадаў свой 1963 год, калі школа ў Далёкіх была рускамоўнай, і педнараду, скліканую па заяве Раісы Пракопаўны, тагачаснай настаўніцы беларускай мовы. Маўляў, замест таго, каб весці ўрок, спяваю вучням «Выхожу один я на дорогу».

Так, «методыкай», якая глушыла ўсялякую цікаўнасць да літаратуры, дзякуй богу, не валодаў. І калі вывучалі Лермантава, палічыў за лепшае праспяваць любімы раманс. І як слухалі!

Педнарада скончылася на маім пытанні да Раісы Пракопаўны, чаму яна выкладае беларускую мову на рускай. (Толькі і чулася: «Коска! Я сказала — запятая!») «А каму яна спатрэбіцца, ваша беларуская мова?!» — адказала яна.

Гэтае «ваша мова» згадалася мне напрыканцы мая, калі пісаў характарыстыкі на сваіх вучняў. У ліпені мяне тэрмінова адклікалі з Мінска, з канікул — ніводзін тэхнікум характарыстыкі не прымае. Не буду сцвярджаць, што з-­за мовы, хутчэй з-­за маёй наіўнай дурасці, бо напісаў нейкія партрэты — хто чаго варты. «Напішыце, як трэба, — дырэктарка нервова працягнула мне стос паперак, — і па­-руску…»

У Раісы Пракопаўны вучылася і Ала Леанардаўна Шулья, у дзявоцтве Таранда, мастацкі кіраўнік Дома культуры. Пра тое, як яна выцягвае Дом культуры з агульнага заняпаду, патрэбны асобны аповед. Глядзім старыя здымкі, што захоўваю ў ноўтбуку, мо каго пазнае. Гартаем тоўсты альбом, на якім, як і ў школьным музеі, пазначана — «летапіс», а там ізноў верш: «…Хай будзе не сурочана // Твая краса, Далёччына… // Хай вёска беларушчына // На тло не будзе пушчана…»

Прапыліў міма жоўты аўтобус, які штодня возіць былых вучняў і былых настаўнікаў былой школы. У Опсу і назад, у Далёкія. Да тла.

 3. Опса

Вакол шара

Пацвярджэнне таму, што Час круглы, нібы глобус, я нечакана сустрэў на падворку Опсаўскай сярэдняй школы. У атачэнні цяжкіх металічных ланцугоў і дзвюх прыгожых елак на пастаменце стаяў вялікі, з граніту, шар. Я адразу пазнаў яго. Гэта быў шар з маёнтка Плятэраў, з тых, што ўпрыгожвалі слупы ўязной брамы.

У Опсе было дзве школы: гэтая сярэдняя і школа­-інтэрнат. Інтэрнат закрылі ў 2013 годзе. Закрывалі таксама паступова, разам са змяншэннем на Віцебшчыне колькасці дзетак­-сірот і дзетак з хібамі развіцця. Да апошняга яго падтрымлівалі італьянцы, што вазілі дзетак на аздараўленне. Яны, ды яшчэ ірландцы і шведы, зрабілі ў інтэрнаце шыкоўны рамонт, паставілі найноўшую тэхніку на кухні і ў пральні, аднавілі ўсю мэблю…

Былы маёнтак Плятэраў цяпер належыць ТАА «Сядзібы і замкі»

Былы маёнтак Плятэраў цяпер належыць ТАА «Сядзібы і замкі»

Цяпер усё гэтае багацце пад вялікім свірнавым замком чакае аўкцыёна. «Ат добра было б, каб хто адкрыў тут Дом састарэлых! — смяюцца Навойчыкі з Вандай. — Паздавалі б кватэры і, праз дарогу, да светлай будучыні…»

Цяпло на зямлі

Іосіф Браніслававіч і Ніна Мікалаеўна Навойчыкі ў Опсе з 1954 года, і амаль 60 гадоў як жанатыя. Ён фізік, яна — матэматык.

Іх жыццё, жыццё Ванды, што выкладала літаратуру, маіх адзіных у Опсе сяброў, засталося вясковым — агароды, свінні, куры, хаджэнне на хворых нагах у далёкую краму па хлеб. Што праўда, пры інтэрнэце, які звязвае з дзецьмі і ўнукамі — ад Віцебска да Берліна…

У былых настаўнікаў тры праблемы.

Па­-першае, камунальнікі не хацелі браць на сваё ўтрыманне школьную кацельню; між тым яна абагравала таксама настаўніцкія дамы.

Па­-другое, энергетыкі адключылі ў хляўках святло, бо яны «не прыватызаваныя»

Па­-трэцяе, ТАА «Сядзібы і замкі», дачка мінскага Цэнтра гандлю нерухомасцю «Пакадан», перакупіла былы маёнтак Плятэраў у Беларускага таварыства інвалідаў, якому ён дастаўся ў 90­-я. «Пакадан» хоча стварыць тут VIP-­гатэль.

Усё трымалася тут на школе…

Кацельню былым педагогам адстаялі іх былыя вучні. Аж да Косінца дайшлі. Цяжка нават зараз сказаць, што больш грэе настаўнікаў­пенсіянераў — тая кацельня ці сардэчны клопат сваіх выхаванцаў.

Святло з-­пад зямлі

Школу зачынялі ад верасня. А ўлетку быў страшэнны ўраган з навальніцай. Гвазданула недзе паблізу — адразу ва ўсёй Опсе згасла святло і пачуўся жудасны трэск, нібыта зламалася тое, на чым трымаецца свет.

Мы ідзём да дуба Напалеона.

Дуб паваліўся ў год, калі закрылі школу-інтэрнат.

Дуб паваліўся ў год, калі закрылі школу-інтэрнат.

На слупах, што засталіся ад некалі велічнай брамы маёнтка, дзве шыльды: адна абвяшчае пра «гісторыка-­культурную каштоўнасць», другая — пра «частную территорию», якая «охраняется». Вакол тэрыторыі — плот з дошак, як пад загарадзь для скаціны. На слупку — яшчэ шыльдачка: «Ведётся реконструкция».

Насамрэч, ніякай рэканструкцыі няма. Ад Беларускага таварыства інвалідаў застаўся адзін бляшаны дах, што выглядае нейкім непаразуменнем над паўразваленымі сценамі. Астатняе раскурочана дашчэнту — вокны, шыбы, падлогі…

За тры гады, што шматпакутны маёнтак Плятэраў ва ўласнасці ТАА «Сядзібы і замкі», не зроблена анічога. А рэкламавалі ж, распісвалі перспектывы. Прапаноўвалі настаўнікам прадаць свае кватэры за бясцэнак, збіраліся знесці дамы, каб будучым VIP­ам нішто не мазоліла вочы, не перашкаджала цешыцца прыродай ды адчуваць сябе датычнымі да гісторыі…

…Дуб ляжаў нібыта магутны зубр, спасцігнуты раптоўнай смерцю, захаваўшы ў велічнай нерухомасці апошні момант жыцця. Я набліжаўся да яго, пагладжваў па глыбокіх зморшчынах, угрэтых лістападаўскім сонейкам, адыходзіў, намагаючыся змясціць яго ў кадр. Але ён не змяшчаўся.

 «Так, — сумнавата згадвае Ванда, — Верам'ёў вельмі любіў гэты дуб… А дубок бачыш?» — «Не, не бачу. Які дубок?» Яна бярэ мяне за руку, падводзіць да мёртвага дуба з іншага боку. «Гэта нашы былыя вучні, як даведаліся, што дуб паваліўся, з’ехаліся і пасадзілі новы… Бачыш?»

Так, бачу. Цягнецца да сонейка танюсенькая галінка з трапяткімі жоўтымі лісточкамі.

Нібыта слупок святла з­пад зямлі.

 4. Браслаў

Аптымізацыя катастрофы

У суме, нават у роспачы ад пабачанага вяртаўся дадому. У Відзах у аўто падсела прыгожая маладая жанчына. «Выбачайце, спазняюся… Падкінеце да Казян?»

Казяны, нагадаю, той самы цэнтр калгаса «Новая гвардыя», у складзе каторага паміраюць Далёкія. Ну а што самі Казяны? Жывуць?

«Што вы! — усклікнула Ірэна. — З кожным годам дзетак усё меней. Дык настаўнікі за кожнага змагаюцца. Мінулым летам адзін ажно ў Полацк лётаў, сілай забраў дакументы свайго вучня з тэхнікума, куды той пасля 9 класа мусіў паступаць. Каб хаця б пяць вучняў у 10-­м пакінуць і сярэднюю школу захаваць, пазбегнуць базавай» — «А дзе яна?» — «Школа? Дык няма яе…»

Так высветлілася, што будынка школы ў Казянах няма. Настаўнікі працуюць, а дзеці вучацца па розных памяшканнях…

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага раёна Іван Абаровіч.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага раёна Іван Абаровіч.

Напярэдадні, у чаканні сустрэчы з кіраўніком аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Іванам Абаровічам, я вывучаў стэнд Браслаўскага рана. Пад агульнай назвай «Проблемы района» на ім пазначалася: «Оптимизация образовательного процесса в условиях модернизации региональной системы образования. Цель: создание условий для повышения качества образования через оптимизацию эффективных форм и методов работы».

Падумалася: дзяржаўная машына, здольная ствараць такія тэксты, катастрофа сама па сабе.

Калі адабралі ў народа зямлю і мову, асновы асноваў, — якія «оптимизации» ўтрымаюць людзей на роднай зямлі, уратуюць вёску ад катастрофы?

«Мова — гэта святое, — сказаў галоўны на сёння «оптимизатор», Аляксандр Лукашэнка. — І ў нас ёсць усё для таго, каб спакойна — калі трэба, 20 гадоў, каб паставіць беларускую мову ўпоравень з рускай…»

Мы ўжо 20 гадоў чуем пра «ўпоравень». І яшчэ дваццаць?! Толькі за 11 апошніх у раёне знікла 15 школ, усе беларускамоўныя.

Але сёння ў Далёкіх вы не пачуеце беларускага слова, калі не загаворыце самі. Ведаць ведаюць, але размаўляць не спяшаюцца.

Ці ж магчыма вёсцы супрацьстаяць рускамоўнай тэлевізійнай, дый адусюды, навале?! Ад мовы, на якой далёкаўскія размаўлялі да 80­-х гадоў, нават крушняў не засталося.

— Чаму? — запытаўся я ў Івана Антонавіча.

— Мо час упушчаны, — Абаровіч паціснуў плячыма, — мо…

Трэба спяшацца! Пакуль яшчэ ёсць такія, як Пяткун, вучань з апошняга, перадсмяротнага 9­-га класа Далёкаўскай школы, які перамог на рэспубліканскай алімпіядзе па роднай мове.

У вачах Абаровіча боль, успамін пра роднае, гэтаксама знікаючае Дварышча, што паміж Дрысвятамі і Опсай, і клопат — як не пакінуць без працы настаўнікаў і захаваць школьныя будынкі. На будучыню. «А раптам! — усклікае Абаровіч. — Раптам усё яшчэ вернецца…»

Мне шкада яго надзеі, а мо і мары. Бо раптам будучыня не нараджаецца. І не раптам памірае.

Толькі пасля цяжкой працяглай хваробы.

(Публікуецца ў скарачэнні.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0