Вольга Карач расказвае аб сваіх планах на будучыню і захапленнях маладосці, спрэчках з мужам з-за Паўла Севярынца і выкананні хатніх абавязкаў, а таксама разважае, чаго не хапае беларускім жанчынам.

«Наша Ніва»: Нядаўна Вы падводзілі вынікі мінулага года для ініцыятывы «Наш дом». А якім быў год 2014 для Вас асабіста?

Вольга Карач: Вельмі цяжкім. Асабліва з пункту гледжання нечаканасцяў. Вось для мяне было нечаканым, што столькі людзей у нас падтрымлівае Расію і знаходзіцца ў расійскай ментальнай прасторы. Цяпер таксама склалася сітуацыя, што на прэзідэнцкіх выбарах ёсць адзін кандыдат, які можа іх выйграць.

І гэта — не Аляксандр Лукашэнка. Гэта той кандыдат, якога падтрымае Расія.

Раней Аляксандр Лукашэнка і быў гэтым самым кандыдатам. Але цяпер гэта не відавочна. Перад беларусамі цяпер стаіць пытанне: абраць шлях незалежнасці альбо стаць часткай РФ, «рускага свету».

Чаго я баюся? Грамадзянскай вайны

«НН»: Калі вы ўжо ўзгадалі аб прэзідэнцкіх выбарах… Што з Вашай кандыдатурай на выбарах-2015?

ВК: На жаль, пакуль я не адказала для сябе на гэтае пытанне. Удзельнічаць проста для ўдзелу я не хачу. Так, прыгожы пункт у CV, але не дае ніякага выніку. А калі тыя, хто паспрабуе скінуць дзейную ўладу, наблізяцца да перамогі, гэта аўтаматычна прывядзе да пэўных дзеянняў з боку Расіі і пэўных сцэнароў на нашай тэрыторыі. І гэта замкнёнае кола. Таму цяпер для мяне грамадзянская вайна — не такі ўжо неверагодны сцэнар. З аднаго боку — Расія і яе прыхільнікі, з другога — прыхільнікі незалежнасці краіны. У нас цяпер доўгая мяжа з Расіяй, якая практычна не ахоўваецца. Што рабіць у гэтай сітуацыі?

«НН»: Вы яшчэ не вызначыліся са сваёй кандыдатурай, але я вось па Вас бачу, што гэта хутчэй адпавядае выказванню: «калі ў чымсьці сумняваешся — не рабі»…

ВК: Ёсць такое. У кожнага чалавека ёсць 30—40 гадоў актыўнасці. Мне ніколі не было важна пражыць жыццё з простым наборам муж-кухня-дзеці. Мне з дзяцінства важна, каб жыццё мела сэнс. І калі будзе хоць 5% упэўненасці, што мы можам перамагчы, то варта змагацца.

Мы з мужам перабіваемся перакусамі

«НН»: Вы сказалі, што не хацелі б быць проста жонкай і маці. А як справы ў Вашай сям’і?

ВК: Калі я была дэпутатам Віцебскага гарсавета, да мяне прыйшоў нейкі дзядзька-выбаршчык, які хацеў павіншаваць сваю калегу, што сыходзіла на пенсію. І ён папрасіў зрабіць яму святочны буклет. Мы сказалі: добра, нясіце інфармацыю пра яе. Дык вось адзінае, што гэты чалавек мог сказаць пра гэтую жанчыну было тое, што яна добра вырошчвала кветкі на дачы і была добрай маці. Вядома, буклет мы зрабілі. Але я прыйшла тады да высновы, што лепш хай пра мяне кажуць вельмі дрэнна, чым, калі мне споўніцца 60 гадоў, пра мяне змогуць сказаць толькі тое, што я кветкі вырошчвала.

«НН»: А з кветкамі ў Вас што?

ВК: Не растуць. Але магу падзяліцца самым вялікім сакрэтам у маім жыцці: я не ўмею гатаваць. Адзінае, што я вывучыла, як прыгатаваць — кітайскі суп і кураня табака. Гэта было зроблена дзеля таго, каб пераканаць майго бацьку, які мяне заўжды дакараў: як гэта — жанчына не ўмее гатаваць! Проста ў мяне маці — прафесійны повар з 35-гадовым стажам, і таму ў мяне не было шансаў навучыцца.

«НН»: Атрымліваецца, муж гатуе?

ВК: Мы перабіваемся перакусамі. Муж, канечне, часам гатуе. Але ў нас няма такога ўкладу ў сям’і, які быў у маіх бацькоў, напрыклад. Маці ўставала а 5 раніцы і гатавала кожнаму стравы на выбар. Было два супы, тры нейкія іншыя стравы, кожнаму свая. А не магу ўявіць, што ў мяне так будзе. Я і кітайскі суп вывучыла толькі таму, што ён гатуецца пяць хвілін па прынцыпе піцы: накідаў усё, што ёсць пад рукамі, і ўсё.

Дзяцей даглядаюць бабуля з дзедам

«НН»: А дзецям як?

ВК: Дзяцей даглядаюць мая матуля з бацькам. Таму ў іх у плане харчавання ўсё ў парадку.

«НН»: Пра Вашага сына я хоць нешта чуў. А пра дачку…

ВК: Маша шмат хварэе, таму бабуля яе возіць да доктара. Ёй амаль чатыры месяцы, добрая дзяўчынка. Святаслаў, напрыклад, музычны хлопчык — рэагуе на розныя гукі і мелодыі. А Марыі больш патрэбная камунікацыя: за руку яе патрымаць, пагуляцца.

«НН»: Ходзяць чуткі, што, акрамя нерухомасці ў Вільні, у Вас яшчэ ёсць падобныя актывы ў Празе…

ВК: На жаль, у мяне няма нерухомасці ні ў Вільні, ні ў Празе. Але вельмі хацелася б яе мець. Гэта той выпадак, калі хочацца, каб чуткі былі праўдай. Проста ў нас арганізацыя зарэгістраваная ў Чэхіі, Польшчы і Літве.

Вяселле з адвакатам сарвалася з-за прозвішча

«НН»: Як Вы з мужам хатнія абавязкі дзеліце?

ВК: У нас усё па дамоўленасці. Калі аб прыватных пытаннях, то для мяне вельмі прынцыповым было захаванне свайго прозвішча. Гэта звязана з тым, што мой бацька адчуваў сябе неяк няёмка, што ў яго няма сына, бо былі толькі мы з сястрой. Я ўсё дзяцінства чула, што вось мы з сястрой выйдзем замуж, а ён будзе апошнім, хто носіць наша прозвішча. І я ў 16 год яму сказала, што я буду апошняй. Пасля я сустрэла вельмі добрага таленавітага хлопца, паспяховага адваката.

У яго была трохпакаёвая кватэра, машына, добрая праца. Мы збіраліся ажаніцца. За тры тыдні да вяселля ён мне кажа, што я павінна выбіраць. Па-першае, для яго было прынцыповым, каб я насіла ягонае прозвішча. А па-другое, я павінна была пакінуць сваю грамадскую дзейнасць толькі на тым узроўні, на якім яна знаходзілася тады. Мы моцна пасварыліся і рассталіся.

А з маім цяперашнім мужам Алегам мы проста спачатку рабілі разам літаратурны часопіс, былі партнёрамі. І атрымалася, што мы можам размаўляць на нейкія агульныя тэмы, дапамагаць адно аднаму. Вось так і завязалася.

«НН»: Раскажыце, як удалося прывабіць такую актыўную дзяўчыну, як Вы?

ВК: Я неяк прачытала кніжку С’юзан Пэйдж «Калі я такая выдатная, чаму я дагэтуль адна?». І вось там выказваецца думка, што трэба вырашыць, якія якасці ў чалавеку для цябе важныя на доўгі перыяд. І я сабе такі спіс склала.

«НН»: І птушачкі пасля ў ім ставілі?

ВК: Так. Мне было ясна, што я не падарунак у сямейным жыцці. Кухня — не маё поле бітвы. Мяне часта дома няма. І звычайны беларускі мужчына будзе ад мяне чакаць іншых рэчаў. Гэта не добра і не дрэнна — нас так выхоўвалі. І з такім чалавекам у нас быў бы пастаянны канфлікт.

Што да рамантычнай гісторыі, то ўзгадваецца наступнае. Не сакрэт, што ў мяне ёсць праблемы са спінай — хвароба Бехцерава [цяжкая хвароба хрыбта — НН]. Быў час, калі яна развівалася даволі актыўна — я нават не магла хадзіць.

У мяне з-за гэтага развілася дэпрэсія, здавалася, што ўсё не мае сэнсу. Я страціла надзею. Ляжала, і мне нічога не хацелася. І вось мой муж адзін раз падышоў да мяне, узяў за руку і сказаў: «Вольга, ты жанчына з самым дрэнным характарам з усіх, якія я ведаю. І я не веру, што з такім характарам ты проста так зможаш здацца і змірыцца». Гэта былі самыя важныя словы ў маім жыцці.

Найгоршыя якасці жанчыны ўвасобіліся ўва мне

«НН»: Пра характар — гэта сапраўды так?

ВК: Вось мой бацька лічыць, што ўсе найгоршыя якасці, якія толькі могуць быць у жанчыны, увасобіліся ўва мне. Я памятаю, што аднойчы ён мне сказаў, што калі мяне пасадзяць на нейкі доўгі тэрмін, то для іх з маці гэта будзе смерць. І роўна на наступны дзень нас з мужам арыштоўваюць па справе тэракта ў мінскім метро.

«НН»: Вы — грамадскі лідар, публічная асоба. А дома ў Вас хто кіруе?

ВК: Цікавае пытанне. У нас з мужам заўжды нейкі кансэнсус знаходзіцца. Мы з ім сварыліся толькі аднойчы. Проста ён жа з хрысціянскай дэмакратыі, а я — сацыял-ліберал. І спрачаліся, дарэчы, праз Паўла Севярынца. Я была на яго злая, а для Алега ён — добры сябра дзяцінства. Ён быў у нас нават сведкам на вяселлі. Севярынец заўсёды памятае, што ён публічная асоба. Таму нават на вяселлі быў больш не сведкам, а палітыкам. Калі чалавек ніколі не п’е, заўжды правільна сябе паводзіць — гэта, канечне, добра. Але, з другага боку, на яго ўсё гэта цісне, і яму цяжка знаходзіць прастору, дзе ён можа адпачыць і пабыць не палітыкам, а проста чалавекам.

Дзяўчаты жывуць толькі да 30 гадоў, а далей — жыццё пасля смерці

«НН»: Вы казалі, што беларусы — гарадская нацыя. Наколькі Вы гараджанка?

ВК: Я нарадзілася і вырасла ў горадзе. Гарадская і сялянская культуры — розныя. У селяніна прыватная тэрыторыя боль- шая — свой дом, ты менш суты- каешся з суседзямі. Але ў той жа час супольнасць маленькая, усе ўсіх ведаюць, таму табу працуюць мацней. І ў нас так атрымалася, што некаторыя людзі з вёскі пераехалі ў горад і падумалі, што пэўныя табу проста не працуюць у горадзе. А новыя яшчэ не выпрацаваліся.

А з гарадской культурай бяда. Напрыклад, якія песні спяваюць за сталом гарадскія жыхары? Вось у вёсцы — зразумела. У дзядулі і бабулі мы спявалі розныя вайсковыя і партызанскія песні. А ў горадзе што? Маўчанне.

Чаму Расіі вельмі лёгка тут уплываць? Бо няма гарадскога патрыятызму. Людзям збольшага няма розніцы, дзе жыць: у Віцебску, у Гомелі — гарады не маюць свайго твару. У нас не хапае гонару за свае гарады.

«НН»: Як Вам удаецца сябе падтрымліваць у такім добрым стане?

ВК: Дзякуй за камплімент. Але я не лічу, што добра выглядаю, бо мне цяпер не хапае часу для сну. І ведаеце, не так важна, якога жанчына памеру. Істотна, ці гараць у яе вочы. …Увогуле, на маю думку, жанчынам у Беларусі не хапае любові. Дзяўчат у Беларусі гадуюць так, што жывуць яны толькі да 30 год, а далей — жыццё пасля смерці. Яна закрываецца ў сям’і ці кар’еры на нелюбімай працы. Але яна гэта робіць, бо павінна. А так быць не павінна!

Я брунэтка, якая стала бландзінкай

«НН»: Яшчэ адна цікавая дэталь. Паглядзеў «Буквар «Нашага дома», і там амаль усе жаночыя персанажы нагадваюць Вас. Гэта спецыяльна?

ВК: Мы вырашылі пагуляць з вобразам бландзінкі ў палітыцы. Атрымалася ўдала — гэта зайш- ло ў нейкія архетыпы. А па на- туральным колеры валасоў я — брунэтка.

«НН»: Гэта Вы з палітычнай нагоды перафарбаваліся?

ВК: Не, я пафарбавалася значна раней. Проста мяне крыўдзілі анекдоты пра бландзінак. І я, як феміністка, вырашыла адказаць такім чынам.

***

Вольга Карач

Нарадзілася ў 1979-м у Віцебску, скончыла школу з залатым медалём, узначальвала моладзевую арганізацыю «Сёмая грань».

Скончыла філфак ВДУ імя Машэрава з чырвоным дыпломам, паралельна ўзначальвала рэгіянальнае аддзяленне «Зубра». Працавала ў школе выкладчыцай англійскай мовы.

Была дэпутатам гарадскога савету 24-га склікання.

Заснавальніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом». Замужам, гадуе сына і дачку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?