Уладзімір Пуцін запатрабаваў неадкладна аднавіць адмененыя электрычкі. Спачатку — пусціць цягнікі, а ўжо потым разбірацца з фінансавымі пытаннямі, сказаў прэзідэнт. Паводле апошніх дадзеных, прыгарадныя цягнікі былі цалкам адмененыя ў трох абласцях, у астатніх рэгіёнах адмененыя сотні маршрутаў. Да пачатку лютага дамовы на працяг працы электрычак не заключыла амаль палова суб'ектаў РФ.
ТАСС
У сераду тэма адмены электрычак у Расіі была паднятая на нарадзе ўрада ў Нова-Агарова. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін рэзка раскрытыкаваў ліквідацыю прыгараднага чыгуначнага руху.
«Што ў нас, міністэрства транспарту не існуе, ці што? Што адбываецца? Мы разумеем, наколькі гэта сур'ёзна, гэта ж не адзін аўтобусны маршрут адмянілі, а перасталі хадзіць электрычкі ў рэгіёны.
Вы што, з глузду з'ехалі, ці што? Гэта несур'ёзны падыход, гэта ж тычыцца тысяч людзей!» — абурыўся Пуцін.
Віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч пацвердзіў, што ёсць праблема з нармальным рухам прыгарадных цягнікоў.
«Мы ведаем, што ў некалькіх рэгіёнах краіны адмененыя маршруты электрычак па дзесятках кірункаў. Пералік такіх маршрутаў, такіх электрычак у нас ёсць, ёсць сума грошай, якая неабходна для аднаўлення маршрутаў», — сказаў віцэ-прэм'ер. «У цэлым дадзеную праблему маюць намер вырашыць на працягу аднаго месяца», — дадаў ён.
Аднак прапанаваныя тэрміны не задаволілі гаранта.
«Вось вы цяпер прапанавалі набор мер. А што, раней гэтага нельга было зрабіць? Урад чым займаўся, калі ўводзіў адпаведныя нарматывы, калі падтрымаў змену ўзаемаадносін паміж рэгіёнамі і РЧ?» — сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.
У выніку Пуцін запатрабаваў ад урада неадкладна аднавіць прыгарадны рух, а ўжо потым займацца пытаннямі, звязанымі з пошукам дадатковых сродкаў.
Таксама ён запатрабаваў, каб былі дадзены гарантыі кампаніям-перавозчыкам і рэгіёнам.
«Няўжо гэта нельга было зрабіць загадзя? А цяпер вы кажаце, што трэба яшчэ два месяцы для таго, каб гэтую праблему закрыць. Чыгуначны рух прыгарадны павінен быць адноўлены, і неадкладна, з гарантыямі адпаведнымі РЧ, рэгіёнам па рашэнні праблемы», — заявіў Пуцін.
«Я на працягу сутак прапаную фінансавыя рашэнні, якія дадуць магчымасць забяспечыць аднаўленне руху», — паабяцаў пасля гэтага Дварковіч.
У РЧ заявілі, што яны распрацоўваюць план вяртання электрычак, у які ўваходзіць раскансервацыя рухомага саставу і ўзгадненне графікаў.
У сераду таксама стала вядома, што электрычкі цалкам былі адмененыя, акрамя Пскоўскай і Валагодскай абласцей, яшчэ ў адным рэгіёне — у Тульскай вобласці.
Прычынай крызісу электрычак стаў вялікі доўг рэгіёнаў перад РЧ — больш за 36 млрд руб.





