У «НН» №3 з’явіўся артыкул архітэктара Ігара Байцова «У Навагрудку адбываецца капiтальны рамонт руiны «па-багатаму» — матэрыял далёка не адназначны, з якім хочацца палемізаваць. Пан Ігар першы агучыў праблему захавання культурнага ландшафту і руін як элемента гэтага ландшафту.

Раней часцей гучалі думкі, што замак трэба аднаўляць цалкам, бо закансерваваныя руіны не дазваляюць адчуць усёй велічы калыскі Вялікага Княства Літоўскага — старажытнага Наваградка. Гучала ідэя, што, калі замка ў нас няма, яго трэба пабудаваць.

Адразу скажу, што з Байцовым я не пагаджуся. Байцоў не ўзгадаў пра канфлікт, з якім адразу сутыкнуліся праекціроўшчыкі кансервацыі Касцельнай вежы — канфлікт, без вырашэння якога нельга было б яе выратаваць.

А ратаваць яе трэба было неадкладна, бо і апоўзень схілу замчышча, з прычыны вялікай колькасці крыніц у падножжы Замкавай гары, і вымыванне і аслабленне грунтоў, праблема з нестабільнымі падмуркамі, і — паступовае разбурэнне аўтэнтыкі — фасаднай сцяны вежы, усяго, што ад былога фартыфікацыйнага элементу засталося.

Канфлікт тут метадалагічны. Ці мы захоўваем некранутым сфармаваны культурны ландшафт і рамантычныя руіны ў тым выглядзе, да якога мы прывыклі, што прывядзе з часам, і вельмі хутка, да поўнага руйнавання захаваных канструкцый і, адпаведна, да страты таго ландшафту? Ці мы шукаем кампраміснае выйсце паміж захаваннем аўтэнтыкі, яе кансервацыяй і далейшым экспанаваннем і рэгенерацыяй культурнага ландшафту.

Менавіта такім шляхам і пайшлі рэстаўратары. Былі праведзены працы па ўмацаванні схілу замчышча, па ўмацаванні падмуркаў. У сувязі з тым, што сама фасадная сцяна Касцельнай вежы не толькі досыць пагрозліва ўжо адхілялася ад вертыкальнай восі ў бок схілу замчышча, было прынята рашэнне аб мантажы на ёй металічнага бандажу і стабілізацыі сцяны пры дапамозе расцяжак, прымацаваных да яго. Каб мець гарантыю стабілізацыі руіны ў вертыкальнай восі, было прынята рашэнне прыгрузіць астатні перыметр падмурка мураванымі канструкцыямі, за гістарычны модуль якіх была прынята акварэль Напалеона Орды. На жаль, іканаграфіі бакавых сценаў вежы таго часу, калі яны яшчэ існавалі, больш не захавалася.

Захаванне культурнага ландшафту немагчымае без захавання яго элементаў. Усе мерапрыемствы, выкананыя пры правядзенні прац, былі накіраваны на захаванне менавіта на доўгатэрміновае захаванне канструкцый Касцельнай вежы. Хаця праведзеныя мерапрыемствы сапраўды змяняюць некаторыя ландшафтныя рысы.

У гэтай сітуацыі, на маю думку, трэба адштурхоўвацца не ад катэгорыі эстэтыкі, а ад катэгорыі прынцыпаў кансервацыі, якія прадугледжваюць безумоўнае захаванне і абарону ад далейшай дэструкцыі аўтэнтычных канструкцый. А фасадная сцяна вежы, якая выходзіць на касцёл, захавана поўнасцю, і з боку касцёла гэта можна выразна пабачыць.

Увогуле, калі лічыць культурны ландшафт асноўным фактарам, якому патрэбна падпарадкоўваць правядзенне прац па кансервацыі, рэстаўрацыі і аднаўленні помнікаў, то можна далёка зайсці. Паўстае пытанне аб правамернасці рэстаўрацыі рыма-каталіцкай катэдры ў Мінску, якая знаходзіцца, а тады тым больш знаходзілася да аднаўлення Ратушы і Свята-Духаўскай царквы, у кантэксце сталінскай паваеннай архітэктуры. Можна аспрэчыць сам факт рэстаўрацыі Мірскага замка, бо калісьці менавіта рамантычная руіна, як дамінанта, фармавала вакол сябе культурны ландшафт мястэчка Мір…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?