Выклікі некаторым абанентам аператара velcom з незнаёмых замежных нумароў паступаюць па каналах кампаніі beCloud. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе аператара мабільнай сувязі, каментуючы інцыдэнт, калі ў ноч з 5 на 6 лютага абаненты сотавых сетак сутыкнуліся з «тэлефонным хуліганствам» у выглядзе шматлікіх выклікаў з незнаёмых замежных нумароў. 

У кампаніі ўдакладнілі, што з моманту паступлення скаргаў з боку кліентаў velcom пытанне было перададзена тэхнічным спецыялістам для высвятлення акалічнасцяў і прыняцця адпаведных аператыўных мер па блакіроўцы нумароў. 

«Кампанія velcom не з'яўляецца міжнародным правайдарам сувязі. Таму інцыдэнт быў адразу ж перададзены партнёру — кампаніі beCloud, па каналах якога гэтыя выклікі паступаюць у тым ліку ў сетку velcom. Цяпер інцыдэнт закрыты, але кампанія працягвае маніторынг сітуацыі», — падкрэслілі ў прэс-службе аператара мабільнай сувязі.

velcom выказвае прабачэнні за дастаўленыя нязручнасці і рэкамендуе: у выпадку званка з незнаёмага нумара ці нумара, які здаецца дзіўным (напрыклад, малая колькасць адлюстраваных на экране лічбаў, нумар, які не існуе ў сістэме міжнародных кодаў, і інш.), не адказваць на выклік і не перазвоньваць, а неадкладна перадаць гэты нумар у call-центр свайго аператара для высвятлення, вызначэння і стрымання магчымага спама. 

Кампанія beCloud («Беларускія воблачныя тэхналогіі») з'яўляецца першым у Беларусі інфраструктурным аператарам, чыя сетка прызначана для патрэб правайдараў тэлекамунікацыйных паслуг (правайдараў інтэрнэту, аператараў мабільнай сувязі і г.д.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?