«Наша Ніва»: Аляксандр, якое дачыненне вы маеце да Беларусі?

Аляксандр Старавойтаў: У мяне мама — беларуска, тата — беларус. Я нарадзіўся ў Ветцы Гомельскай вобласці. Праўда, ужо 22 гады жыву ва Украіне. Можна сказаць, што за гэты час «ахахліўся». Мама таксама жыве ва Украіне. Беларускія сваякі мяне не зусім разумеюць, яны навучаныя прапагандай, што мы — карнікі, фашысты. Сваякі па ўсёй Беларусі ёсць, яны не хочуць чуць мае довады.

«НН»: А як вы аказаліся ў батальёне «Данбас»?

АС: Ну як? Як усе. Добраахвотна. Не, гэта не раптоўна мне стукнула ў галаву. Пачалося ўсё яшчэ з Майдана. У той час я яшчэ сумняваўся, што рабіць, які бок прымаць. Нібыта ж Расія, наш братэрскі народ, не можа такога быць… Калі ж пачалі забіваць людзей, тады я зрабіў свой выбар, што не хачу жыць пры такім рэжыме, не хачу Савецкага Саюза. Гэта быў канец красавіка.

«НН»: Ва ўкраінскіх СМІ я чытаў, што вы былі ў палоне ў «ДНР». Гэта праўда?

АС: Канечне, быў. Нас разбілі ў жніўні пад Ілавайскам. Гэта быў жорсткі палон… Сапраўды, гэта было вельмі жорстка. Быў і холад, і голад. Гэта было сумна.

«НН»: Здзекі былі?

АС: А як вы думаеце?

«НН»: Я думаю, што так.

АС: Вось вы і далі правільны адказ на сваё пытанне. Я не хачу расказваць, што было менавіта. Няхай гэта застаецца на сумленні тых людзей, якія гэта рабілі з намі. Яна змагаюцца супраць «фашызму», як называюць нас, метадамі сапраўднага фашызму.

«НН»: З якімі людзьмі вы сутыкнуліся на баку «ДНР»?

АС: Розныя. Былі і ўкраінцы, і добраахвотнікі з Расіі, і расійскія вайскоўцы, і чачэнцы. Усіх было пакрыху. Калі спачатку там сапраўды былі людзі, што трымаліся ідэі, верылі, што Расія ім дапаможа, не кіне, то цяпер яны бачаць, што іх проста выкарыстоўваюць.

«НН»: Беларусаў з боку «дэнээраўцаў» вы сустракалі?

АС: Не. Расейцаў — так, украінцаў. Беларусаў, на шчасце ці на жаль, я не сустракаў. У «Данбасе» ж было некалькі беларусаў.

«НН»: Дзе вас трымалі ў палоне?

АС: Першыя паўтара месяца нас трымалі ў бамбасховішчы ў Данецку. Нас там было больш за сотню чалавек. Пасля нас падзялілі: 26 чалавек пакінулі ў Данецку, а 77 — перавялі ў Ілавайск. Адбудоўваць разбурэнні. Разбіралі завалы, размініравалі палі, падбіралі снарады, што не ўзарваліся. Я не магу сказаць, што там мне было камфортна, але стаўленне да чалавека ў Ілавайску былі непараўнальна лепшым, чым у Данецку. Там мы прабылі 2,5 месяца. Пасля гэтага быў абмен, нас адвезлі дадому. Усе шчаслівыя, задаволеныя, жывыя.

«НН»: Чаму ўтварыўся Ілавайскі кацёл, як гэта стала магчымым?

АС: Я не ведаю… Для нас прыйшла каманда адыходзіць. Нам сказалі, што мы едзем дадому. Большасць хлопцаў уздыхнула з палёгкай. Многія нават не адзявалі бронекамізэлькі, нічога. А потым нас пачалі расстрэльваць. А стралялі не з аўтамацікаў і пісталецікаў, каб вы разумелі, а з танкаў і ракет. Завязаўся бой. Палегла шмат рускіх, маладых хлопцаў тэрміновай службы.

«НН»: Чаму частка змагла выйсці, а частка засталася?

АС: Усё было на ўдачу. Хтосьці не мог кінуць параненых таварышаў, хтосьці яшчэ нешта. Было шмат прычынаў, у кожна- га свая праўда. Мы з нашым узво- дам селі ды абмеркавалі сітуацыю. Вырашылі, што мы з першых дзён былі разам, таму і адступаць будзем разам. Рускія прапанавалі ўмову, калі мы здаёмся ў палон, то яны аддаюць нашых параненых на ўкраінскую тэрыторыю.

«НН»: Вы ўвесь час кажаце «рускія»…

АС: Так, бо я бачыў іх дакументы, я размаўляў з імі. Я ведаю, што гэта была рэгулярная расійская армія. Мяне пераконваць у тым, што там няма рускіх, проста смешна.

«НН»: Якую працу вы выконвалі ў «Данбасе»?

АС: Я аўтаматчык. Звычайны шараговец. Выконваў тыя задачы, якія перада мной ставілася.

«НН»: Шмат знаёмых страцілі на гэтай вайне?

АС: Так, вельмі шмат. Былі забітыя ўсе мае камандзіры, некаторыя сябры. Гэта суровая рэальнасць. Ад гэтага, на жаль, нікуды не дзецца. Людзі паміраюць.

«НН»: У вас былі думкі, што жывым ужо не вернецеся з фронту?

АС: Пастаянна.

«НН»: Чым цяпер займаецеся?

АС: Збіраю дакументы на рэабілітацыю. Вяртаюся да жыцця. Мы атрымліваем статус удзельніка баявых дзеянняў, але яго не так лёгка атрымаць. Калі будзеш сядзець дома, то ясна, што ніхто не прыйдзе, каб табе прапанаваць гэты статус. Гэта дае нейкія зніжкі на камунальныя паслугі, на нешта яшчэ.

«НН»: У Беларусь не збіраецеся заехаць бліжэйшым часам?

АС: Апошні раз быў гады два таму. Хочацца, канечне, зноў з’ездзіць да сваякоў, сяброў, але я не магу. Шчыра кажучы, я крыху баюся ехаць. Па магчымасці я заўсёды сачу, што адбываецца там. Але цяжка знайсці аб’ектыўную ацэнку таго, што адбываецца ў Беларусі. Нешта хаваецца, нешта недагаворваецца. Свабоды слова ў Беларусі меней, чым ва Украіне. Калі б КДБ — ці хто там? — даваў больш свабоды слова, то пра Беларусь больш ведалі. Можа быць, нават у нечым бы дапамаглі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру