3 цікавасцю пазнаёміўся ў «Нашай Ніве» (№2 ад 14 студзеня) з выявамі Рамана Дубінкі з Кобрына магчымых у будучыні беларускіх грашовых знакаў. Сапраўды, крэатыў. Праўда, варта было б улічыць яшчэ два моманты.

Па-першае, блізкае каляровае падабенства з еўра можа выклікаць блытаніну. Цяпер, дарэчы, так здараецца, асабліва ў людзей з пагоршаным зрокам ці пажылых, з купюрамі 50 рублёў і 10 тысяч, тысячы і 50 тысяч. Быў не аднойчы сведкам гэтага, а разы тры сам памыляўся.

Па-другое, і больш істотнае, адносна магчымай новай назвы беларускай валюты. Зразумела, канечне, чаму ў беларуса назва «рубель» выклікае адмоўныя эмоцыі.

Аднак жа і «талер», хоць і цешыць, магчыма, у таго-сяго слых еўрапейскасцю-заможнасцю, падсвядомасць насцярожвае: ну, не «сваё». Бо сапраўды ж заёмнае, старагерманскае.

На зайздрасць добры варыянт выбралі ўкраінцы — успомнілі старажытную кіеўскую «грыўню». Палякі стагоддзямі не расстаюцца са сваім «злотым». Літоўцы геніяльна вынайшлі «літ». Латышы — «лат»! Ну а чаму б нам, беларусам, хоць у будучым не пайсці тым жа шляхам ды не назваць нацыянальную валюту адпаведна — «белар»? Можна і карацей — «бел».

Дарэчы, гэтым дадаткова падкрэслівалася б наша духоўная повязь з продкамі, у якіх у дахрысціянскі час быў вельмі чалавечны «сонечны» бог Бялун, бог жыватворнага святла і дабрыні, які дапамагае чэсным людзям ратавацца ад бяды, гэтым, дарэчы, нагадваючы Ісуса Хрыста. Сам аўтар гэтых радкоў у сваім апошнім гістарычным рамане «Перад патопам» назваў першую частку кнігі старажытнай прыказкай: «Цёмна ў лесе без Белуна», а Уладзімір Арлоў стварыў выдатную навелу: «Дзеці Белбога».

Назва «белар» гучыць выдатна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру