Да вас звяртаецца пастаянная чытачка вашай газеты. Мне заўсёды вельмі прыемна чытаць «Нашу Ніву» і хачу падзяліцца з вамі ўспамінамі пра асаблівага чалавека — маю маці, якой сёння было б сто гадоў — піша яна.

Звалі яе Навіцкая (Шпакава) Кацярына Мацвееўна. Пражыла яна роўна 80 гадоў. Жыла ў вёсцы Латышы Расонскага раёна Вiцебскай вобласцi. Пахавана на могiлках у Мурагах (там пахаваны ўсе Навiцкiя).

Сто год было б сёння матулі.
I вось звяртаюся я к вам.
К сваім пачуццям, успамінам.
Хачу даць волю я славам!

Яна нарадзілася ў вёсцы
Пад назвай «Навікі».
Назвалі маці Кацярынай.
Далей яе быў шлях такі.

Што да дзяцінства «ў сэнсе нашым»,
Ў яе такога не было.
3 маленства праца, праца, праца —
Усё што знала, што было!

Яе у школу не пусцілі —
«Навошта граматнаю быць!
Дзяўчыне хопіць працы дома
За дзецьмі меншымі сачыць!»

А ў год сямнаццаць выйсці замуж
Рашуча бацька загадаў.
Ні просьбаў дзеўчыны, ні плачу
На момант той ён не ўспрымаў.

А у вайну з малым застацца?
Мужа — на фронт, яе — акопы рыць,
Зазнала голад, зноў жа — страх і праца,
Як цяжка было тое перажыць.

Ды хоць у тым пашчасціла матулі —
З вайны вярнуўся бацька мой.
І хоць быў пакалечаны татуля, 
Але жывы і з яснай галавой.

Цяжка рабіла і ў калгасе
Зранку да ночы — увесь дзень.
За гэта грошай не атрымаеш,
А птушачку — ёсць працадзень!

На кроснах ткала пакрывалы,
I ўсё здзіўлялася сяло.
Без шва, з узорам зусім новым,
Такіх ў акрузе не было.

План хаты новай састаўляла
Не адну ночку напралёт —
Як перастаць пра гэта марыць,
Бо думкі быў такі узлёт!

Хоць цьмяна лямпа-керасінка
У хаце вечарам гарыць.
А на душы так светла, добра!
Як гэта казку паўтарыць?

Прыгожы голас мела маці
I запявалаю была.
На «брыксах» ў вёсцы ці вяселлі
Сваёю песняю жыла.

Складала вершы пра мясціны,
Дзе нарадзілася, жыла.
I ўсё ў памяці трымала,
Бо запісаць іх не магла.

Сваім жыццём ахвяравала,
Ні ў чым сябе не берагла.
Майго сыночка даглядала,
Каб хоць вучыцца я змагла.

Хлусні матуля не цярпела —
Заўсёды шчыраю была.
I праўду-матку скажа ў вочы,
I нас той сцежкаю вяла!

Згубіла талент — непісьменнасць,
Цяжкую долю адвяла!
Ах, мама, мамачка, матуля!
Якой ты сонечнай была!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру