Аляксандр Кулінковіч нарадзіўся ў 1972 у Смалявічах. Рок-музыкант, вакаліст гурту Neuro Dubel.

«Хабза» — найлепшыя гады ў маім жыцці»

«Наша Ніва»: Як Вы пажываеце?

Аляксандр Кулінковіч: Усё добра, альбом робім. Гэта самая галоўная падзея ў жыцці любога музыкі. Таму ўсе думкі толькі аб гэтым.

«НН»: Я не думаю, што толькі альбом пануе ў Вашых думках. Заўтра Вашаму сыну спаўняецца 15 год. Падарунак падрыхтавалі?

АК: Мы вырашылі, што лепей грошы. Ён у такім узросце, калі ўжо складана нешта яму купіць. Ён ужо вельмі дарослы. Калі дзіцяці 5 гадоў, што ні дай — ён будзе рады, то тут сітуацыя іншая. Таму падарунак будзе празаічным.

«НН»: Якраз у гэтым узросце — 15—16 гадоў — Вы пайшлі паступаць у ПТВ. Што такое савецкае ПТВ?

АК: Такая напаўармейская штука. І гэтым літаральна ўсё сказана. У кабінет прыходзіць настаўнік, дзяжурны яму дае справаздачу. Перад сняданкам мы рабілі фізічныя практыкаванні: бег, падцягванні, брусы. Усё арганізавана. Я б не сказаў, што была такая ўжо дзедаўшчына, але пэўная іерархія прысутнічала: трэці курс — гэта ўжо дзембелі, а першы — духі. Я шчыра лічу, што «хабза» — гэта тры найлепшыя гады ў маім жыцці. Гэта была страшная весялуха.

Пайшлі ў кулінарны тэхнікум

«НН»: Як Вас у «хабзу» занесла? Вы ж тэхніку любілі — простая дарога ў РТІ.

АК: Я тэхніку любіў, але на ўзроўні карыстальніка. І цяпер я яе люблю. Капацца ў кішачках прыборчыкаў я таксама любіў — палова дзяцінства прайшла з паяльнікам у руках. Але з узростам цікавасць аслабла. У той час, калі трэба было выбіраць прафесію, мне вельмі падабалася гатаваць. У прынцыпе, падабаецца і сёння. Мы з сябрам пайшлі ў кулінарны тэхнікум, але з намі там нават размаўляць не сталі. Сказалі, каб шукалі сабе мужчынскую прафесію. І мы пайшлі. Я ў той час быў такім ціхім хуліганам — характарыстыка са школы была проста ваўчыная. І мяне з ёй нікуды не бралі.

Мне было абсалютна пляваць, што гэта будзе за прафесія. А паколькі мая старэйшая сястра працавала сакратаркай у ПТВ сантэхнікаў, мы ўсёй сваёй кампаніяй сяброў і панеслі туды заявы. Нас туды адразу ж прынялі, бо, як пасля высветлілася, гэта было перадапошняе ПТВ у рэйтынгу горада. Нашых ніхто не крыўдзіў, усе трымаліся разам. Калі нехта нашага пакрыўдзіў, мы «шашкі нагала» — і ішлі на разборкі.

«НН»: Калі Вы апошні раз біліся?

АК: Напэўна, тады і біўся. Калі я ў свой час папёрся ў хіпі, то не магу сказаць, што я біўся, але білі мяне часта. У той час усё было неяк па-простаму. Ну пабілі, і што? Біцца мне ніколі не хацелася, хаця я адзін час займаўся каратэ. А пасля ўдалбілі вось гэтую заезджаную фразу, што «ты выйграў бой, які не адбыўся».

П'янкі — гэта толькі сцэна

«НН»: Ваш сын можа пайсці Вашым жа шляхам?

АК: Ён джыу-джыцу займаецца. Гэта адзінае, што падобна. Музыка яго не вабіць. Ды і добра. У постсавецкіх краінах музыка — гэта не тое, што можна лічыць сапраўднай прафесіяй.

«НН»: Музыка — гэта не годна?

АК: Я лічу, што гэта годная рэч. Але ў нашай краіне рок-музыка — гэта не той прадукт, які нармальна прадаецца і купляецца. Ненармальна, калі ў нас ўсяго некалькі гуртоў на краіну, якая не Ліхтэнштэйн.

«НН»: А ўявіце: Ваш сын заўтра на тыя грошы, што Вы яму падарыце, купляе гітару і пачынае жыць такім ладам жыцця, як і Вы.

АК: Ды калі ласка! Дапамагу, чым змагу. Дзякуй Богу, ёсць чым дапамагчы.

«НН»: А калі браць не толькі прафесію, але і лад жыцця?

АК: Разумееце, нічога дрэннага ў гэтым ладзе жыцця і не было! Возьмем першыя гады існавання гурту. Зразумела, пастаянныя п’янкі. Але ж яны ва ўсіх былі. Гэта была маладосць. Проста ў нас былі п’янкі пад гітару, у кагось былі п’янкі без гітары. Пасля людзі супакоіліся, сем’і з’явіліся, дзеці. Такое ёсць ва ўсіх, музыкі проста больш на публіцы. Гэта не лад жыцця, так проста здаецца. На сцэне, зразумела, разухабістыя, пажартавалі, падрыгаліся, пакрыўляліся, выпілі — і складваецца ўражанне, што мы такія заўжды. Не, гэта проста сцэна, проста адзін канцэрт.

«НН»: Здаецца, што Вы рамантык.

АК: Так! Я рамантычны, жахліва сентыментальны. Гэта на сцэне я магу пакрыўляцца. А так — люцікі-кветачкі, коцікі.

Панк-рок мой любімы

«НН»: Як у Ваша жыццё трапіла музыка?

АК: Яна ў мяне была з ранняга дзяцінства. Колькі сябе памятаю, яна была. Нават калі маленькі быў, сваімі дрыготкімі ручкамі ставіў нейкія пласцінкі, ледзь не «валенкі-валенкі». А пасля пасталела мая старэйшая сястра, у яе з’явіліся хлопцы, і вось тады я ўпершыню пачуў рок-музыку. AC/DC, Kiss — я быў проста ў захапленні. І калі з’явіўся панк-рок, ён запоўніў усё маё жыццё. Гэта мой любімы стыль, на маю думку, самы шчыры і энергетычна зараджаны.

«НН»: А першы канцэрт? Увогуле, савецкія панк-канцэрты — гэта татальнае пекла.

АК: Наш першы канцэрт адбыўся ўжо ў незалежнай Беларусі — 1991 год. Гарэлка — ракой, ніякіх правілаў. Гэта цяпер усё ўладкавана. А тады — гэта была казка. Было страшна весела, страшна мацерна, страшна брудна, на жахлівай апаратуры. Але было так энергетычна зараджана! Так весела! Свабода! Гэта пасля ўсё больш, і больш, і больш паперак, гайкі падзакручвалі.

«НН»: Мне заўжды было цікава, як пішуцца тэксты гурту Neuro Dubel.

АК: Я сам не ведаю. Скажу толькі галоўную рэч — тэксты заўжды пішуцца ад прыпеву. Я прыдумваю нейкі радок у прыпеве, які мне падабаецца, пасля прыкідваю, як песня прыблізна будзе гучаць. І ўсё — гэта вось косць, а на якую я хуценька накідваю мяса.

«НН»: Спрабаваў перакладаць Вашыя тэксты сваім замежным сябрам. Яны казалі, што гэта — проста квінтэсэнцыя панку.

АК: Па-мойму, яны ўспрымаюцца проста як набор словаў, эмоцый. Звязныя тэксты ў мяне не атрымліваюцца. Я не паэт, а менавіта песеннік, пішу менавіта тэксты. У мяне няма вершаў. Чытаць мае тэксты ў выглядзе вершаў — лухта несусветная. Сам бачу. А на музыцы добра.

У 15 гадоў чалавеку на ўсё пляваць

«НН»: Год таму Вы казалі, што «Ляпіс Трубяцкой» — найлепшы гурт на рускамоўнай прасторы. А Brutto?

АК: Ведаеце, Сярожа — мой калега, я не магу абмяркоўваць яго і ягоныя рашэнні. Мне, як абсалютна пабочнаму слухачу, тое, што грае гурт Brutto, не падабаецца. Гэта не мая музыка. Але я ўсё роўна лічу, што Сярога — бязмерна таленавіты чалавек, які зможа з гэтага Brutto зрабіць цукерку, нават калі нікому зараз так не здаецца.

«НН»: Вось той жа Міхалок радыкальна змяняецца, а Вы 25 год з’яўляецеся ўзорам свайго стылю.

АК: У нас даволі разнастайны стыль. У розных альбомах ёсць песні, якія маюць адценне розных стыляў — і вальсу, і рэгі. Але яны аб’яднаныя адной жылкай. Гэта наш стыль, мы сябе знайшлі. І гэта, па-мойму, цудоўна. Большасць папулярных гуртоў граюць менавіта ў сваім стылі і нікуды не рыпаюцца — з джазу ў трэш. Такія гурты вельмі хутка распадаюцца. Мы ж робім эксперыменты ў рамках нашага стылю.

«НН»: Калі музыкам было лягчэй: 25 гадоў таму ці цяпер?

АК: Гледзячы ў чым. Рэпетыцыйнае памяшканне, музычныя інструменты, магчымасць сябе паказаць — з гэтым прасцей цяпер. Ёсць інтэрнэт. Але тады таксама было прасцей сябе паказаць трошкі ў іншым аспекце — было больш тэлевізійных перадач, прысвечаных менавіта року, а таксама радыёстанцый. Усе без выключэння радыёстанцыі круцілі рок-музыку. Зараз гэта нонсэнс. Такіх радыёстанцый не знойдзеш.

«НН»: А калі быў больш удзячны слухач?

АК: Адназначна ў той час. Тады людзі менш спяшаліся і больш аглядаліся. Хаця тады сітуацыя з лустай хлеба была больш цяжкай, чым цяпер. Але часу аглядацца па баках ва ўсіх было больш. Не так усё было заціснута: гэта цяпер кантракты, працоўныя дамовы і шмат іншых папер. У людзей было больш магчымасці аглядацца, пажыць у жыцці трошкі без даху. Што будзе заўтра? Ай, заўтра будзе заўтра, усё будзе выдатна! А цяпер нават 15-гадовы чалавек думае, што будзе заўтра: як ён здасць іспыты, пойдзе ў ліцэй. Мне ў 15 гадоў было глыбока пляваць і на ліцэй, і на ўсё што заўгодна.

«Цяпер агрэсар — гэта Расія»

«НН»: Вы неяк казалі, што Вам цікава піва. Якое любіце больш за ўсё?

АК: «Гінэс» — вось мой самы любімы гатунак. Я нават не ведаю, ці гэта піва. Кожны раз, калі я раблю глыток «Гінэса», у мяне ў галаве толькі адна думка: «Не, гэта не піва, гэта асобны напой». За «Гінэс» — усё, што заўгодна. Акрамя Радзімы.

«НН»: Вам нецікава архітэктура, як турысту, як Вы ставіце да яе, як жыхар Мінска? Калі, напрыклад, знішчаюцца помнікі гісторыі.

АК: Я ж таксама не кажу, што мяне не цікавіць нічога, акрамя бараў. Канечне, мне цікавыя саборы, замкі, але не так, каб «ваў». Натуральна, мне крыўдна, калі ў Мінску руйнуецца нешта старое. Як увогуле да таго, што руйнуюць нешта старое, можна добра ставіцца? Адна справа, калі руйнуюцца помнікі Леніну. Але нешта такое, у што быў укладзены чыйсьці талент, праца, — тое, што пахне гісторыяй… Чым пахне помнік Леніну? Нічым.

«НН»: Вы неяк казалі, што ненавідзіце Маскву. У той жа момант у Вашым рэпертуары ёсць песня «Забі амерыканца». Каго не любіце больш?

АК: Адназначна Расію, калi так ставiць пытанне. Па-першае, «Забі амерыканца» — гэта была песня на хвалі майго непрыняцця вайны ў Іраку. Я ніколі не любіў агрэсараў. Цяпер агрэсар — гэта Расія. І мала таго, што агрэсар, яна пагражае свабодзе маёй краіны, жыццю маёй краіны, маіх блізкіх і сяброў. Я лічу так абсалютна шчыра.

«НН»: Глеб Лабадзенка мне расказваў, што гатовы ісці ў партызаны і пускаць цягнікі пад адхон.

АК: Пры неабходнасці я таксама гатовы.

«НН»: Добра. Заўтра тут раптам наступае «Русь». Вашы дзеянні?

АК: Сядзець дома за камп’ютарам я дакладна не буду. Калі «Русь праваслаўная» наступіць мірна, і ўсе будуць хадзіць і апладзіраваць, я проста звалю адсюль. Калі я прачнуся, а навокал усё ў стужачках, усе шчаслівыя і давольныя — я чужы на гэтым свяце жыцця. А калі яна наступіць са зброяй у руках і гэта будзе вайна, адназначна трэба змагацца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру