«Дзякуй вам вялікі за прыгожую мову – у вас добра атрымоўваецца», — усміхнуўся я аператару сеткі «А-100» на кволенькую спробу размаўляць па-беларуску.

«Дзякуй! Заязджайце да нас яшчэ!» – усміхнуўся і аператар, расправіўшы плечы.

Падавалася б, гэта ўвогуле не падлягае рэфлексіі: у Расеі на запраўках абслугоўваюць па-расейску, у Польшчы па-польску і нават ва Ўкраіне па-украінску, але як толькі ў Беларусі адна з дзясяткаў заправачных сетак перайшла на нацыянальную мову, гэта выклікае недаўменыя позіркі, пытанні ці нават шал у асобных «імперскіх імбіцылаў».

Хаця і пераход на «мову» пакуль што даволі ўмоўны. Мой уласны досвед паказвае, што па-беларуску на запраўках «А-100» гавораць у трох выпадках з 10, яшчэ ў трох - на прыгожай трасяначцы, і ў астатніх чатырох з 10 – на чысцюткай расейскай. Нават на беларускае прывітанне адказваюць – быццам і не анансавалася ніякага пераходу на матчыну.

Тым не менш, я заўсёды дзякую! Бо, на вялікі жаль, мы жывем у такой рэальнасці, калі рашэнне размаўляць на роднай мове – гэта Ўчынак з вякай літары, за якім стаіць асабістая барацьба з савецкімі комлексамі і гераічная перамога над унутраным тутэйшым. Спрачацца з гэтым могуць толькі тыя, хто ніколі не спрабаваў размаўляць па-беларуску паўсюль і заўсёды.

Калі ж табе ў краме скажуць: гаварыце нармальна і не выпендрывайцеся; у пашпартным стале: мы не выдаем бланкаў па-беларуску; а паліклініцы: запайняйце толькі па-расейску – дык ты ніколі не скажаш, што размаўляць у Беларусі па-беларуску – гэта так жа проста, як размаўляць у Польшчы па-польску. Штодня і паўсюль у Беларусі размаўляць па-беларуску – гэта штодзённы і паўсюдны гераізм. Зразумейце мяне правільна: гераізм без выпендрожу і надрыву, але гераізм. Зрэшты, калі гераізм з выпендрожам – гэта ўжо і не гераізм, а форма самалюбавання.

Таму і ўчынак сеткі заправак «А-100» перайсці ў абслугоўванні кліетаў на родную мову – гэта мужны вычын, які ў сённяшнім дні не мажліва пераацэніць. Дык давайце кожны, у каго баліць за Беларусь, падтрымаем шчырае памкненне сумленных людзей. Давайце дзякаваць!

Падзякуйце на старонцы «А-100» у Facebook. Потым заедзьце на запраўку «А-100», залейце пад гарлавіну бак паліва і падзякуйце аператару. Падзякуйце і тады, калі гэта кволенькая мова, і тады нават, калі з вамі будуць толькі па-расейску. Ну а што, здзівіце яго, скажыце: «Дзякуй, што вашая запраўка падтрымоўвае родную мову! Я разумею, вам цяжка адразу перайсці, але наступны раз паспрабуйце».

Каб выжыць у гэты час, каб не знікнуць і не дазволіць сябе затаптаць мы павінны быць салідарнымі і адзін аднаго падтрымоўваць. Ну а што можа быць прасцей, як сказаць: «Дзякуй вам за прыгожую мову! Дзякуй вам, што вы ёсць!»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру