Днямі знакамітую брукаванку пад Стоўбцамі, яе лепшую, «фасадную» частку бязлітасна зрэзалі пад новую аб’язную дарогу вакол райцэнтра. Гэты выключна рэдкасны па сваёй захаванасці рарытэт размяшчаўся адразу ж за Нёманам едучы на Нясвіж праз Новы Свержань. Дагэтуль ён нікому не замінаў.

І вось… Застанецца хіба ацалелым невялікі аддалены брукаваны кавалак гістарычнай дарогі, якая калісьці вяла на Мір. Дый якасць яе тут зусім не тая.

Два месяцы таму 24 снежня я быў на прыёме ў новага раённага начальніка Юрыя Горлава. У мяне было шмат пытанняў, у тым ліку і захаванне брукаванкі. Пры вялікім актыве я сказаў, што брукаванку нельга чапаць. Не зачапілі да вас, не чапайце і вы. Гэта помнік пад адкрытым небам. Мясцовы скансэн. Калі збіраемся рухацца ў бок турызму, не рушце гэты брук, пакіньце яго цалкам, ён будзе вельмі запатрабаваны. А людзі, мясцовыя жыхары, скажуць вам дзякуй, не раз успомняць добрым словам.

Я бачыў, як мае словы джаляць спадара Горлава. Бо гэта былі палкі ў кола, якое ўжо набірала абароты. Пытанне засталося адкрытым. Я спадзяваўся, што ёсць час да вясны. Заварушылася і грамадскасць — два тыдні таму жыхары Стоўбцаў распачалі збор подпісаў на абарону роднай брукаванкі. Але і гэта не спрацавала, магчыма, нават паскорыла, каб пратэсты не паўплывалі на разбуральны, ганебны праект уладаў.

Не верыцца. Не верыцца, што гэтак бяздарна, самавольна, экспансійна, антынародна затупляюцца наша спадчына, гісторыя, сляды мінуўшчыны.

Напрыканцы дазволю самацытату. «Мроя-праект на трывалым грунце ацалелай каштоўнасці», газета «Белавежская пушча», 1998 год: 

«Несумненна, гэтую дарогу можна без натугі назваць рарытэтам — рэдкай каштоўнасцю. Як называем рарытэтамі старадрукі, слуцкія паясы, рыцарскія даспехі. Перабольшанне тут калі й ёсць, дык гэта як на чый густ. Дарэчы, здаецца, у Летуве, а можа яшчэ дзе ў свеце ацалелыя брукаванкі знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Як помнікі матэрыяльнай культуры, як помнікі «дзён, што ў нябыт уцяклі…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?