Даследчыкі з Вашынгтонскага ўніверсітэта (Сент-Луіс) пераканаліся, што нават пасля заканчэння рэкамендаванага тэрміну выкарыстання гарманальныя імплантаты ды ўнутрыматачныя спіралі надзейна засцерагаюць ад цяжарнасці прынамсі яшчэ на працягу года.

Назіралі жанчын 18-45 год, прычым ва ўсіх з іх тэрмін прыдатнасці імплантата на пачатку даследавання быў не менш як 6 месяцаў. Усе яны былі папярэджаныя пра імавернасць зацяжарыць па заканчэнні рэкамендаванага тэрміна, але цяжарнасць не наступіла ні ў водным выпадку выкарыстання гарманальнага імплантата, і толькі ў адным выпадку зацяжарыла кабета з унутрыматачнай спіраллю.

Даследаванне працягваецца. Дактары хочуць пераканацца, наколькі эфектыўнымі застануцца імплантаты праз 2 ці 3 гады пасля заканчэння рэкамендаванага тэрміна нашэння.

У доўгатэрміновай перспектыве гэта абазначае, што жанчыны змогуць лепей планаваць нараджэнне дзяцей, працэдуру выдалення ды паўторнай пастаноўкі імплантата можна будзе паўтараць не так часта, што нясе і эканамічныя выгоды. Такая інфармацыя, даведзеная да жанчын, падвысіць папулярнасць гэтага спосабу засцерагання. Надзейнасць імплантаваных кантрацэптываў параўнальная са стэрылізацыяй – незапланаваныя цяжарнасці наступаюць у менш чым 1% выпадкаў.

Гінеколагі ЗША сцвярджаюць, што кантрацэптыўныя імплантаты яшчэ не заваявалі папулярнасці ў параўнанні з «традыцыйнымі» спосабамі, такімі як вылічванне найбяспечнейшых дзён альбо гарманальныя таблеткі, хоць іх распаўсюджанасць расце. Між тым Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведамляе, што 9 з 10 непажаданых цяжарнасцяў звязаная з эканамічнай недаступнасцю надзейных сучасных шляхоў кантрацэпцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?