Мінчанка Ала Маскоўкіна трымае ў руках стос дакументаў. «Спрабавала прарвацца на прыём у Вярхоўны суд — не пусцілі,— абураецца яна. — А за разгляд скаргі патрабуюць зноў пошліну плаціць, яшчэ тры мільёны рублёў. Што я, друкую гэтыя грошы?»

Жыццё жанчыны другое дзесяцігоддзе праходзіць між судамі. Ала змагаецца за права валодаць кватэрай, ад якой у яе адскубаюць долю за доляй. Судовыя памылкі накладаюцца на абыякавасць кантралюючых органаў, пераконвае Ала. «Вось глядзіце, у мяне забралі частку кватэры па артыкуле… рэквізіцыя», — паказвае яна рашэнне суда.

Рэквізіцыя — гэта канфіскацыя маёмасці пры стыхійных бедствах, эпідэміях і іншых форс-мажорах, яе могуць прымяняць «у інтарэсах грамадства», але нават пры такой сітуацыі былому ўласніку кампенсуюць кошт.

Падзел кватэры

Гісторыя, якая перарасла ў бясконцыя судовыя працэсы, пачалася амаль 20 гадоў таму.

У 1998-м годзе Аляксандр і Ала Чарнышовы (Маскоўкінай яна стала пазней), а таксама іх дачка Ірына пабудавалі ў крэдыт трохпакаёвую кватэру ў доме на вуліцы Ясеніна агульнай плошчай 63 м2. На кожнага чалавека па тагачасных нормах выдзялялася па 20 м2.

Першапачатковы ўзнос (10%) Чарнышовы зрабілі разам, але пасля сям’я развалілася. Аляксандр знік з жыцця былой жонкі, за крэдыт Ала плаціла сама. Мужа яна ўбачыла ў 2000-м, у судзе. Той патрабаваў палову кватэры.

«Суддзя мусіла дзяліць кватэру на траіх, — перакананая Ала. — На дачку выдзяляўся крэдыт, выдавалася субсідыя, у яе яшчэ і чэкі «Жыллё» былі!»

Аднак судовая практыка іншая. У карыстанне Аляксандру выдзелілі пакой плошчай 17 м2 з лоджыяй, а Але з дачкой дасталіся пакоі 14 м2 і 12 м2.

Зрэшты, у жыцці сям’і нічога не змянілася. Хоць адзін з пакояў і належаў былому мужу, той ніякай актыўнасці не праяўляў. У кватэры не з’яўляўся, за камунальныя не плаціў.

ЖЭС скардзіўся на Аляксандра, але нічога зрабіць не мог. Не выключаць жа святло ва ўсёй кватэры праз аднаго неплацельшчыка? У дачкі тым часам знайшлі падазрэнні на анкалогію. Кватэрныя пытанні адышлі на другі план, як раптам у жыроўцы з’явілася новае прозвішча.

Смерць былога мужа

Выявілася, што ў ліпені 2004-га Аляксандр прадаў сваю нерухомасць. Уласнікам пакоя стаў Данііл Голубеў. Ала абурылася і звярнулася ў суд, каб прызнаць здзелку незаконнай, але марна.

У дадатак у прамежак між першым і другім пасяджэннямі суда раптоўна памёр Аляксандр. Ала мяркуе, што ў гэтай гісторыі было шмат чаго загадкавага. Напярэдадні Аляксандр забраў у банку грошы, атрыманыя ад продажу кватэры. А пасля разам з суседзямі адзначаў дзень нараджэння сваёй новай жонкі.

«Я пытаюся: а чаму гэта адбылося ў маі, калі дзень нараджэння — у красавіку? А мне адказваюць, што тады быў пост, таму і не пілі, — узгадвае Ала.— На наступны дзень 38-гадовага Аляксандра знайшлі мёртвым. 2,8 праміле алкаголю ў крыві, і гэта на 110 кг вагі. Гэта бутэлька гарэлкі, не больш. Нават у кому пры такім атручванні не трапляюць. Я працую на хуткай, мы пацыента з 9,7 праміле адкачалі!»

Куды падзеліся грошы з банка, яна так і не змагла высветліць.

Бой за пакой

Спрэчка ў судзе працягнулася без прадаўца. У выніку 17,2 м2 засталіся за Голубевым. Паводле рашэння суда, ён стаў уласнікам ізаляванага пакоя. Уся астатняя плошча кватэры, уключна з месцамі агульнага карыстання — прыхожай, кухняй, туалетам, — засталіся за Алай.

Як Голубеў мусіў трапляць у свой пакой? Гэта суд не патлумачыў. «Добра, я закладваю цэглай дзверы ў гэты пакой, а вы заходзьце як хочаце. Можаце хоць праз акно залятаць», — заявіла Ала і стала трымаць абарону.

Голубеў з’явіўся каля кватэры ў суправаджэнні судовага выканаўцы, калі Алы не было дома. Аднак адчыніць дзверы не ўдалося. Суседзі пазванілі жанчыне, і тая паспела на поле боя.

З хуткай яна захапіла кіслародны балончык. Уваход у кватэру на першы раз удалося адстаяць, але гэта быў толькі час. З прыёма ў пракурора Маскоўскага раёна Алу забралі на Акрэсціна. Нібыта яна пагражала жыццю і здароўю судовых выканаўцаў, прычым не з пустымі рукамі — з вогнетушыльнікам. Паўмесяца жанчына правяла ў КПЗ на Валадарскага. Яе прысудзілі да двух гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў калонію.

Затое Голубеў у пакой так і не трапіў.

Новыя суседзі

У 2012-м сусед зноў пайшоў у наступ: запатрабаваў змяніць долі ва ўласнасці так, каб ён мог карыстацца сваім пакоем, які займаў 27% плошчы кватэры. Ала пра гэта не здагадвалася, на працэс яе не выклікалі. Як патлумачылі пасля ў судзе, нібыта позву выпадкова даслалі на іншы адрас. Праўда, на пошце пацвердзілі, што дакументаў на імя Алы не паступала.

Менавіта падчас гэтага працэсу суддзя і вынесла рашэнне, спаслаўшыся на артыкул «рэквізіцыя».

Як гэта было патлумачана? Суддзя адшукала велічыню пакоя былога мужа Алы і выдзеліла столькі ж Голубеву — 43% кватэры. Гэта набыты раней пакой, а таксама палова месцаў агульнага карыстання.

Пакуль жанчына абскарджвала рашэнне, яна даведалася пра з’яўленне новага суседа. «Мне прыходзяць дзве позвы. Адна пра тое, што засяляецца грамадзянін Лобаў, які купіў пакой. А другая— што засяляецца грамадзянін Шчыглеўскі, які атрымаў той самы пакой у падарунак ад Голубева. Як гэта магчыма: і прадаць, і падарыць?» — не разумее яна.

Аказалася, што Голубеў спачатку прадаў пакой Лобаву, затым той вярнуў нерухомасць гаспадару, а пасля Голубеў падарыў пакой Шчыглеўскаму. Адпаведна, 43% кватэры цяпер перайшло яму.

Але як удалося змяніць уласніка, калі не скончыліся судовыя разбіральніцтвы? Касацыйная скарга Алы згубілася ў судзе разам з чэкам аб аплаце.

Адзін з пакупнікоў прынёс на засяленне тэхпашпарт на пакой, нібыта выдадзены былому мужу Алы яшчэ дзесяць гадоў таму. Ад- куль з’явіўся дакумент — невядома. Мала таго, што тэхпашпарт выдаецца на ўсю кватэру разам, а не на асобны пакой, дык у дакуменце яшчэ і быў пераблытаны нумар кватэры. Прадстаўнік кадастравага агенцтва заявіў у судзе, што такога тэхпашпарта ніколі не існавала. Аднак шукаць вінаватых у з’яўленні несапраўднага дакумента суд не стаў.

«Праігнаравалі і заяву аднаго са сведкаў пра тое, што суддзя абавязала яго выдаць незаконную даведку», — узгадвае Ала.

Фельчарка па-ранейшаму спрабуе знайсці ў судах праўду, але на ўсялякі выпадак трымае кругавую абарону сваёй кватэры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?