Якраз у гэтыя ночы беларусы маюць шанец убачыць рэдкую астранамічную з'яву для нашых краёў — задыякальнае святло. Калі выйсці ў цёмнае месца з адкрытым гарызонтам (вядома, далей ад горада), то пасля захаду Сонца, калі неба цалкам сцямнее, на захадзе можна ўбачыць конус святла пад вуглом да гарызонту (для Беларусі гэты вугал будзе каля 60 градусаў). Конус будзе лёгка заўважны няўзброеным вокам, ён будзе нават крыху ярчэйшы за Млечны Шлях.

Прычына гэтага конусападобнага свячэння ляжыць у будове Сонечнай сістэмы: у плоскасці зямной арбіты знаходзіцца грандыёзнае лінзападобнае скопішча разрэджанага касмічнага пылу, якое крыху расейвае сонечныя промні. Таму калі Сонца апускаецца глыбока пад гарызонт, з'яўляецца магчымасць убачыць і гэты пыл. Арыентаваны конус задыякальнага святла ўздоўж так званай лініі экліптыкі, якая праходзіць праз задыякальныя сузор'і — адсюль і назва гэтай з'явы. Адзіная перашкода для беларусаў — нашы паўночныя шыроты. З-за гэтага задыякальнае святло добра бачнае толькі тады, калі яно ўтварае найбольшы вугал з гарызонтам. Такія ўмовы бываюць двойчы на год: у канцы лютага — пачатку сакавіка задыякальнае святло можна ўбачыць увечары на захадзе, ці ў кастрычніку — перад узыходам Сонца на ўсходзе. А паколькі ў Беларусі гэтыя перыяды года амаль заўсёды пахмурныя, то гэтая з'ява для беларусаў сапраўды рэдкая.

Фота зроблена гэтай ноччу пад Дзяржынскам. Дарэчы, дзве яркія зоркі ля самага гарызонту — гэта Венера і Марс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?