На чэмпіянаце Эўропы па гандболе, што праходзіць у Нарвэгіі, беларуская зборная правяла апошні матч. У нядзелю ім супрацьстаяла зборная Вугоршчыны.
Нашы гандбалісты прайгралі зь лікам 26:31 (першы тайм 16:18). У пачатку другога тайму беларусы скарацілі разрыў да аднаго мяча (19:20), але потым мадзяры зноў пайшлі ў адрыў, ў канцы матчы давёўшы яго да сямі мячоў.
Нагадаем, што ў першым матчы беларусы прайгралі чэмпіёнам сьвету зборнай Нямеччыны – 26:34, а ў суботу зборнай Гішпаніі – 31:36.
Тры паразы, і зборная пакідае чэмпіянат, у наступны раўнд прайшлі зборныя Нямеччыны, Гішпаніі і Вугоршчыны. Дарэчы за немцаў, чэмпіёнаў сьвету, гуляе былы гулец беларускай зборнай Андрэй Клімавец.