Брус Дыкінсан. Фота: spirit-of-metal.com
Напярэдадні Калядаў у 56-гадовага Бруса Дыкінсана была знойдзеная невялікая ракавая пухліна на ніжнім боку языка. Сямітыднёвы курс хіміятэрапіі і радыялогіі быў завершаны 18 лютага, паведамляе афіцыйны сайт Iron Maiden.
Пухліна была знойдзеная на ранняй стадыі, прагнозы па лекаванні пазітыўныя.
«Брус трымаецца вельмі добра з улікам абставін, увесь гурт настроены пазітыўна», — піша Iron Maiden на афіцыйным сайце.
Медыкі разлічваюць на поўнае аднаўленне здароўя спевака ў канцы мая, але затым Дыкінсану спатрэбіцца яшчэ некалькі месяцаў, каб вярнуць форму.
***
Брус Дыкінсан са школы выступаў у складзе гурта Styx, пазней далучыўся да Samson. У склад Iron Maiden Дыкінсан прыйшоў у 1981 годзе на змену Полу Ды’Ана, першым альбомам з яго ўдзелам стаў «The Number of the Beast». Пакінуў гурт у 1993 годзе дзеля сольнай кар’еры. Альбомы Iron Maiden, запісаныя без яго ўдзелу, не мелі поспеху у крытыкаў і фанатаў. Дыкінсан вярнуўся ў Iron Maiden у 1999 годзе, з таго часу няспынна выступае з гуртом. Лічыцца адным з галоўных вакалістаў жанру heavy metal. Таксама мае ліцэнзію пілота і кіруе Boeing 757, піша фантастычныя раманы.