Парадак прыёму ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) сёлета крыху змяніўся. 

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 19 лютага прарэктар па навучальнай працы і інфарматызацыі ВНУ Барыс Нікульшын, падаць заяву на паступленне сёлета можна будзе па электроннай пошце. Абітурыенту неабходна стварыць свой асабісты кабінет на сайце priem.bsuir.by для папярэдняй рэгістрацыі заявы ў прыёмнай камісіі БДУІР. 

«Як толькі будзе створана па прыкладзе Украіны база атэстатаў, мы зможам праводзіць залічэнне без непасрэднай яўкі абітурыента ў прыёмную камісію. Гэта значыць будзе дастаткова толькі электроннай заявы абітурыента», — дадаў прарэктар. 

Акрамя таго, паводле слоў Нікульшына, сёлета абітурыенты павінны будуць загадзя скласці спіс спецыяльнасцяў, якія ім цікавыя. Залічэнне будзе ажыццяўляцца строга на ўказаныя спецыяльнасці. Калі ў спісе іх толькі пяць і ні на адну з іх балаў не хапае, камп'ютар аўтаматычна выключае такога абітурыента са спіса прэтэндэнтаў на гэтую бюджэтную форму навучання, растлумачыў прарэктар. 

Яшчэ адным новаўвядзеннем стане ўнутраны экзамен для абітурыентаў, якія паступаюць на скарочаную форму навучання. «Мы прапаноўваем абітурыентам з недастаткова высокімі баламі не выпрабоўваць лёс і ўносіць у спіс як мага больш спецыяльнасцяў ці нават усе з іх», — адзначыў Нікульшын.

Што датычыцца выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якіх у БДУІР прымалі па выніках цэнтралізаванага тэставання, то з гэтага года яны змогуць замест ЦТ здаваць экзамен па сваім профілі. Такім чынам, іх шансы на паступленне павялічваюцца, адзначыў Нікульшын. Слабыя студэнты змогуць павысіць свае веды да патрэбнага ўзроўню падчас дадатковых заняткаў, дадаў ён. 

Акрамя таго, адзначыў прарэктар, сёлета набор на дзённую форму вядзецца па чатырох англамоўных спецыяльнасцях — «Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі», «Інфакамунікацыйныя тэхналогіі», «Абарона інфармацыі ў тэлекамунікацыях». 

Спіс папоўніцца і дзвюма спецыяльнасцямі па дыстанцыйным навучанні — «Праграмаваныя мабільныя сістэмы», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менеджменце)». 

Новых спецыяльнасцяў сёлета ва ўніверсітэце не з'явіцца. «Пакуль у нас такой неабходнасці няма. Працэдура гэта даволі складаная — і па часе, і па затратах. Існых спецыяльнасцяў пакуль хапае», — адзначыў прарэктар па навучальнай працы і інфарматызацыі БДУІР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?