«Марка» можа не выканаць абавязацельстваў, ускладзеных на кампанію ўказам прэзідэнта — стварэнне абутковага холдынгу да 2016 года знаходзіцца пад пагрозай.

Далучэнне стратных прадпрыемстваў да паспяховых і стварэнне такім шляхам буйных холдынгаў было хітом прамысловай палітыкі мінулага ўрада Міхаіла Мясніковіча. Не абышла доля гэтая і лідара абутковай прамысловасці — кампанію «Марка».

Убачыўшы, што прадпрыемства паспяхова справілася з павешаным на яго яшчэ ў 2008 годзе заводам «Чырвоны Кастрычнік», улады вырашылі дадаць да іх і Віцебскі футравы камбінат. Так у 2013 годзе нарадзіўся холдынг «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка».

Аднак стратны футравы камбінат быў аддадзены «Марка» не проста так, а разам з маштабнымі абавязальніцтвамі. Згодна з указам прэзідэнта, холдынг павінен правесці мадэрнізацыю камбіната, уклаўшы 70 млн даляраў. Увод у эксплуатацыю прадпрыемства запланаваны на кастрычнік 2016-га.

Паралельна павінна праводзіцца мадэрнізацыя ўсяго холдынгу (6 прадпрыемстваў) — дэдлайн у 2017 годзе. «Марка» абавязана павялічыць аб'ём вытворчасці абутку да 5 млн пар у год. Рэнтабельнасць продажаў пры гэтым павінна быць не менш за 12%, выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго работніка — 40 тысяч даляраў. Запланавана стварыць 926 новых працоўных месцаў, напалову знізіць імпартны складнік пры вытворчасці абутку і павялічыць аб'ём экспарту.

Агульны аб'ём інвестыцый у рэалізацыю ўсяго праекта указам ацэньваецца ў 120 млн даляраў. Згодна з дакументам, праект фінансуецца як уласнымі сродкамі холдынгу, так і банкаўскімі крэдытамі пры падтрымцы дзяржавы.

У канцы мінулага года ўладальнік «Марка» Мікалай Мартынаў заяўляў, што вось-вось атрымае крэдыты. Аднак неўзабаве стала вядома, што бізнэсмен адчувае цяжкасці з прыцягненнем сродкаў.

Так, Мікалай Мартынаў звяртаўся з адпаведнай скаргай да старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва. Кампанія заяўляла, што для таго, каб мадэрнізаваць прадпрыемства ў адведзены тэрмін, ужо з красавіку 2015-га трэба пачаць крэдытаванне. Інакш працы спыняцца.

Гэтую ж праблему ён агучыў на пасяджэнні Рады па развіцці прадпрымальніцтва, дзе яго выслухалі старшыня рады Пётр Пракаповіч і віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі.

Па словах бізнэсмена, пытанне фінансавання стопарыцца на ўзроўні банкаў.

«Сёння мы ўзялі на сябе смеласць, можа быць яна нават на мяжы глупства, будаўніча-мантажныя работы часткова прафінансаваць у валюце, — сказаў кіраўнік холдынгу. — Але нават у валюце пачынаюцца нейкія перашкоды. Мы збіраліся тыдзень таму — была адна стаўка па працэнтах, учора — ужо значна вышэйшая».

На думку Мікалая Мартынава, банкі спецыяльна так сябе паводзяць, каб зусім не пераходзіць да фінансавання.

«Але нейкая мяжа павінен быць. Ёсць указ, там прапісаны стаўкі — і ў валюце, і ў рублях», — абураецца бізнэсмен.

«Банкі сёння — гэта недатыкальная каста, да іх нельга падысці, — заявіў кіраўнік «Марка». — Але яны, у рэшце рэшт, таксама ўдзельнікі гэтага рынку. Я прайшоў усе банкі і ў Нацбанку быў. І бачу: урад ім — не ўказ, указ прэзідэнта — таксама не ўказ».

Бізнэсмен заявіў, што бачыць выкананне праекта толькі ў тым выпадку, калі будзе выканана «тая частка, якая звязаная з крэдытнай палітыкай нашай дзяржавы». Ён разлічвае на ўмяшанне ўрада ў вырашэнне праблемы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?