Фота: techiedemic.com

Фота: techiedemic.com

Пра вірус, які можа працягваць выкарыстоўваць рэсурсы сістэмы нават пры выключаным тэлефоне, паведаміў распрацоўшчык антывірусаў AVG.

Спецыялісты адзначаюць: смартфон, які заразіўся вірусам Android/PowerOffHijack.A, насамрэч працягвае працаваць, калі карыстальнік думае, што выключыў смартфон. Па «выключэнні» паказваецца адпаведная анімацыя і гасне дысплэй, але смартфон нават тады можа запісваць гук, рабіць здымкі і адсылаць паведамленні. Толькі выманне батарэі можа канчаткова адключыць тэлефон.

Вірус зрабіў каля 10 тысяч смартфонаў пераважна ў Кітаі дасканалымі шпіёнскімі прыладамі.

Шкодная праграма распаўсюджваецца ў папулярных у Кітаі неафіцыйных магазінах праграм. Але для яе дзейнасці патрэбны рут-доступ (правы адміністратара), таму большасці звычайных карыстальнікаў, якія не ўмешваліся ў заводскую прашыўку, ён не пагражае. Вірус працуе толькі на смартфонах з Android старэйшых за 5.0 версій, ён распазнаецца апошнімі версіямі антывірусаў.

Аб больш сур’ёзнай пагрозе мабільнай бяспецы распавёў экс-супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША Эдвард Сноўдэн.

Паводле прадстаўленых Сноўдэнам матэрыялаў, спецслужбы скралі шыфравальныя ключы найбуйнейшага ў свеце вытворцы сім-карт Gemalto.

Скрадзеныя ключы дазваляюць кантраляваць большую частку размоў па мабільных тэлефонах без ведама аператара і расшыфроўваць паведамленні. Gemalto працуе ў 85 краінах свету, вырабляе сім-карты, а таксама чыпы для мабільных тэлефонаў і банкаўскіх карт. Штогод з яе 40 заводаў выходзяць каля двух мільярдаў «сімак».

Адзіны спосаб абараніцца ад праслухоўвання — карыстацца для сувязі адмысловымі праграмамі з дадатковым шыфраваннем. Выданне The Intercept рэкамендуе Signal, RedPhone і Silent Phone альбо надзейна абароненыя мэсэнджэры і сэрвісы электроннай пошты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?