Песня 13-гадовай Патрыцыі ўзятая з палескага абраду «Пахаванне стралы». Салістка фольк-гурту «Рада» выканала яе на шоу «Беларусь-1» у сучаснай аранжыроўцы. Вакол яе студэнткі БДУКМ і юныя спевакі з дзіцячых гуртоў «Рада» ды «Валошкі» паўтаралі тыя дзеянні, што адбываюцца падчас «Пахавання стралы», варажылі замову. Аранжыроўку песні Патрыцыі падарыў музыка Алег Хаменка.

Патрыцыя займаецца з вакалам з 5 гадоў, пачала ў ансамблі «Валошкі», паступіла ў музычную школу. Там на занятках па хору яна сустрэлася з настаўніцай і кампазітарам Ірэнай Катвіцкай.

Дзяўчынка не толькі спявае, але вывучае беларускія традыцыйныя танцы, цікавіцца беларускай арнаментыкай і збірае народныя інструменты. Асабліва ёй падабаецца граць на акарыне, якую яна выкарыстоўвае і падчас выступу на «Я магу».

На кастынгу конкурсу журы спыніла Патрыцыю на палове песні, успамінае маці Патрыцыі Алена. У той момант усе, хто прыйшоў яе падтрымаць, падумалі: «Усё, не прайшла». Але вердыкт быў іншы: «Ты нам дакладна пасуеш».

Патрыцыя пад час выступу на шоу «Я магу». Фота: Зарына Кандрацьева, budzma.by

Патрыцыя пад час выступу на шоу «Я магу». Фота: Зарына Кандрацьева, budzma.by

За старажытным абрадам «Пахаванне стралы» яна назірала ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёну: «Туды прыехалі людзі і з розных бакоў Беларусі, і з Расіі, а таксама з Еўропы, — згадвае Патрыцыя. — Там бабулі праводзілі абрад. Гэта не былі фалькларысты, а проста носьбіты абраду. Тыя, хто захаваў абрад. Я таксама брала удзел разам з імі».

«Пахаванне стралы» праходзіць увесну, гэта развітанне з вясной і сустрэча лета. У абрадзе бяруць удзел толькі жанчыны. Ён значыць не толькі спадзевы на добры ўраджай: сама страла сімвалізуе маланку, у некаторым сэнсе і ўсе беды, а дзяўчыны качаюцца на зямлі «да пары», «да здароўя».

«Пасля абраду жанчыны збіраюць па дзевяць каласкоў, потым хаваюць іх пад дах хаты, у вугал хаты, — згадвае Патрыцыя. — А потым спальваюць іх на Троіцу. Каласкі збіраюць, каб адвесці бяду ад сваёй хаты, ад сям’і. А спальваюць, бо калі каласок ляжыць пад дахам, ён збірае на сябе няшчасці».

Пры падрыхтоўцы да канцэртнага нумара Патрыцыя вывучала спевы і строі таксама па кнігах. Прыйшлося нават трапіць у музей Акадэміі навук. «Калі знаходзішся ў гэтым усім, гэта захапляе», —прызнаецца яна.

Выступ на шоу «Я магу». Фота з асабістага архіва Свіціных.

Выступ на шоу «Я магу». Фота з асабістага архіва Свіціных.

Яе настаўніца Ірэна Катвіцкая — мастацкі кіраўнік Akana і дзіцячых праектаў «Рада» ды «Вера&Патрыцыя», брала ўдзел у праектах «Казалпін» і «Этна-фантазія». Займаецца з сотняй дзяцей штогод. У 7 год яе вучні ўжо адрозніваюць спеўныя традыцыі Палесся ад Магілёўшчыны, а старэйшыя ездзяць вывучаць жывыя абрады па Беларусі і разам з настаўніцай апытваюць носьбітаў традыцый. «Дзякуючы дзвюм «іконам беларускай фалькларыстыкі» Зінаідзе Мажэйка і Тамары Варфаламеевай, а таксама шматлікім даследчыкам і аматарам ды ўласным архівам захавалася багата матэрыялаў — як аўдыё, так і апісанне абрадаў. Хапае і матэрыялаў і для творчасці, і для далейшых даследаванняў», — кажа Ірэна.

«Кожны год бачу на абрадах усё больш людзей», — адзначае Патрыцыя. Ды таго не дастаткова —ведаюць сваю спадчыну далёка не ўсе. Нават на конкурсе «Я магу» іншыя ўдзельнікі пыталі, якой краіны гэтыя строі — прыходзілася тлумачыць, што іх краіны».

«На гэты конкурс я пайшла, бо людзі не ведаюць ні сваіх традыцый, ні сапраўдных этнічных спеваў, для чаго яны спяваліся, дзе і калі. Не ведаюць, якія цікавыя і прыгожыя спевы захавала для іх спадчына. А я хачу паказаць гэтую традыцыю ў цікавым для моладзі выглядзе».

Ірэна Катвіцкая і Патрыцыя.

Ірэна Катвіцкая і Патрыцыя.

Патрыцыя разам з гуртом «Рада», у праекце «Вера і Патрыцыя», а таксама сольна нямала выступала і ў Беларусі, і за мяжой — як для вузкага кола аматараў фальклорных спеваў, так і на папулярных фестывалях накшталт «Камяніцы» (на якой за штогадовы ўдзел атрымала званне «Дзіця Камяніцы»), нярэдка перамагае на беларускіх і міжнародных конкурсах.

Дзяўчына адназначна хоча працягваць музычную адукацыю, прагне выступаць часцей. «Я ўжо даўно вырашыла, што жыццё буду звязваць з музыкай — менавіта народнай, з фальклорам», — сцвярджае яна.

Фота з асабістага архіва Патрыцыі.

Фота з асабістага архіва Патрыцыі.

Сама Патрыцыя не вельмі часта слухае музыку — проста бракуе часу. Але калі слухае — пераважна народныя спевы альбо музыку з фольк-матывамі.

«У яе ўсе флэшкі забітыя «бабульчынымі» спевамі», — смяецца яе маці.

Патрыцыі падабаецца слухаць «Палац», «Троіцу», «Стары Ольса», Guda, Крыві, Akana. Ёй аднолькава падабаюцца і архаічныя спевы, і нэафольк. А яе ўласнымі спевамі цікавяцца яе аднакласнікі і сябры і, што вельмі прыемна, іх бацькі.

Спявачка не баіцца, што цяперашняя «мода на беларускасць» пройдзе. «Думаю, што год праз дзесяць многім людзям гэта стане цікава, бо зусім нядаўна гэта пачалі паказваць (па ТБ — НН)», — мяркуе Патрыцыя. Яна спадзяецца, што ў хуткім часе фольк у сучаснай апрацоўцы стане не менш папулярным за эстрадную музыку. «Як і ў наш час, так і сто год таму казалі, што традыцыі паміраюць, хутка ўсё тое забудуць — а традыцыі захоўваюцца і культура беларусаў жыве» – дадае Ірэна.

Тут ніжэй — самаробнае відэа Патрыцыі да песні «Ляцела страла». Выступ на шоу «Я магу» будзе адрознівацца ад яго праграмай і касцюмамі. Ён будзе паказаны 28 лютага ў 19:15 на канале «Беларусь-1». Гледачы шоу могуць браць удзел у SMS-галасаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0