Служба бяспекі Украіны (СБУ) затрымала падазраваных у арганізацыі сённяшняга тэракту ў Харкаве на акцыі да гадавіны Евромайдану. Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў дарадца кіраўніка СБУ Маркіян Лубкіўскі.
«Служба бяспекі Украіны затрымала чатырох чалавек, якія могуць быць датычныя да падрыхтоўкі і здзяйснення злачынстваў тэрарыстычнай накіраванасці ў Харкаве.
Непасрэдна на месцы злачынства працуюць спецыялісты СБУ, МУС, прадстаўнікі пракуратуры. Ажыццяўляюцца неадкладныя следчыя дзеянні.
Хачу паведаміць, што ў Харкаве 22 лютага рыхтаваўся шэраг тэрарыстычных актаў.
У прыватнасці, у Харкаўскай вобласці ўдалося прадухіліць тэрарыстычны акт, за якімі стаіць тэрарыстычная арганізацыя «Харкаўскія партызаны».
Схопленыя падчас спробы здзейсніць злачынства чацвёра чалавек, якія рыхтавалі абстрэл з рэактыўнага пяхотнага агнямёта «Чмель» клуба, дзе часта збіраюцца воіны АТА і валанцёры, а таксама аднаго з гандлёвых цэнтраў горада. Планаваліся і іншыя дыверсійныя і тэрарыстычныя мерапрыемствы.
Канфіскаваны «Чмель» — расійскай вытворчасці. Па сведчаннях затрыманых, ён быў атрыманы кіраўніком групы ў Белгарадзе (Расія).
У сувязі з выбухам і спробамі здзейсніць іншыя тэрарыстычныя акты, Служба бяспекі Украіны абвясціла найвышэйшы ўзровень антытэрарыстычнай гатоўнасці ў Харкаве.
Сілавікамі ў цесным узаемадзеянні праводзяцца экстраныя і шырокамаштабныя контртэрарыстычныя мерапрыемствы».





